Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Справа ў тым, што інвестары-аматары аб’ядналіся на адным з форумаў сайта Reddit і пачалі скупляць акцыі прадаўца відэагульняў Gamestop, якія яны палічылі недаацэненымі.

Gamestop займаецца тым, што прадае дыскі з гульнямі і фільмамі і іншыя тавары ў звычайных крамах. Праз канкурэнцыю з анлайн-гандлем продажы кампаніі падалі. Толькі за 2019 год кампанія страціла $795 мільёнаў.

Цяпер жа акцыі Gamestop павысіліся больш, чым на 300% за апошні тыдзень — вынік барацьбы паміж прыватнымі і прафесійнымі інвестарамі. Аперацыя прайшла паспяхова, каціроўкі ўзляцелі, а прафесіяналы з Уол-Стрыт панеслі вялізныя страты.

Перадумовай рэвалюцыі на фондавым рынку, якая пачалася ў ЗША 27 студзеня, стаў каранцін, у выніку якога ва ўсім свеце павялічыўся інтарэс да непрафесійнага біржавога анлайн-гандлю. Адной з папулярных пляцовак стаў форум на сайце Reddit пад назвай WallStreetBets.

Вядучыя хэдж-фонды з Уол-Стрыт звычайна адкрывалі па акцыях кампаніі вялікія кароткія пазіцыі на мільярды даляраў. Меркавалася, што акцыі Gamestop працягнуць падаць. Аднак у студзені 2021 года карыстальнікі форума WallStreetBets пачалі масава скупляць акцыі кампаніі, тым самым выклікаючы рост цэн на іх.

У выніку акцыі, якія на пачатку студзеня каштавалі $17 за штуку, 27 студзеня каштавалі ўжо $347.

Справа ў тым, што карыстальнікам Reddit удалося дабіцца шорт-сквіза, калі ўладальнікі кароткіх пазіцый вымушаныя масава выкупляць акцыі, каб вярнуць іх брокеру і не згубіць грошы праз рост цэн на акцыі. Попыт на акцыі, у сваю чаргу, імкліва павялічваецца і выклікае рост каціровак. У выніку на піку каціровак капіталізацыя Gamestop стала вышэйшай, чым, напрыклад, у вядучай амерыканскай авіякампаніі Delta.

Тую ж схему прыватныя інвестары пачалі рэалізоўваць з іншымі кампаніямі, дзе было адкрыта шмат кароткіх пазіцый: Nokia, BlackBerry, сетка кінатэатраў AMC Entertainment. У выніку акцыі AMC падаражэлі рэкордна за адзін дзень на 301%.

Страты прафесійных інвестараў з Уол-Стрыт расцэньваюцца мільярдамі даляраў. Толькі за 27 студзеня і толькі на акцыях Gamestop уладальнікі кароткіх пазіцый згубілі $14,3 мільярда. «Я і не думаў, што гэты рух стане такім культавым», — кажа прадавец кароткіх пазіцый Эндру Леў з кампаніі Citron Research, якую карыстальнікі Reddit таксама ўключылі ў спіс флэшмобу.

28 студзеня на сітуацыю адрэагаваў сервіс Robinhood — праграма, якая дазваляе інвестарам-аматарам гандляваць акцыямі без камісіі. Менавіта з яе дапамогай інвестары з WallStreetBets дзейнічалі на біржы. Сэрвіс забараніў карыстальнікам набываць акцыі кампаній GameStop, Nokia, AMC і BlackBerry, а пакінуў толькі магчымасць прадаваць іх. Такое рашэнне Robinhood патлумачыў высокай валацільнасцю акцый, што рызыкоўна для інвестараў. Гандаль гэтымі акцыямі пачалі абмяжоўваць і іншыя падобныя сэрвісы. У выніку цэны на акцыі кампаній са спіса WallStreetBets пачалі хутка падаць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?