«Прадмесце Сніпішкі з відам фігуры Збаўцы». Літаграфія паводле малюнка мастака Яна Хруцкага. Парыж, 1848—1849 гады. Крыніца: cyfrowe.mnw.art.pl

22 лістапада 2019 года пры шматтысячным зборы людзей, вялікая частка якіх адмыслова дзеля гэтага прыехала з Беларусі, адбылася знакавая падзея нашай гісторыі: у Вільні прайшла цырымонія ўрачыстага перапахавання парэшткаў паўстанцаў 1863—1864 гадоў. Парэшткі пакараных смерцю і таемна пахаваных царскімі ўладамі паўстанцаў былі знойдзеныя літоўскімі археолагамі ў 2017 годзе падчас аварыйных, выкліканых апоўзнем, раскопак на віленскай Замкавай гары (больш пра гэта гл. у № 10/2019 «Нашай гісторыі»).

У першым з выяўленых пахаванняў разам з парэшткамі маладога мужчыны археолагі знайшлі нацельны медальён. А пры далейшых даследаваннях высветлілася, што парэшткі тыя належаць нашаму нацыянальнаму герою, кіраўніку паўстання ў Беларусі і Літве Кастусю Каліноўскаму.

Беларускія СМІ пазней неаднаразова памылкова паведамлялі, што было знойдзена некалькі медальёнаў Каліноўскага. На самай справе, аднак, быў толькі адзін срэбны медальён, але двухбаковы і складаны. На ўнутраных яго баках былі выяўленыя крыжык з распяццем і вобраз святога Казіміра, а на адным з вонкавых бакоў — абраз Маці Божай Вастрабрамскай.

На іншым баку медальёна — выява каплічкі з надпісам «Езус на Cніпішскай гары». Гэтая віленская святыня калісьці не саступала па значнасці славутай Вострай браме. Але сёння, на жаль, пра яе ведаюць нямногія, хоць месца, дзе калісьці стаяла тая капліца, шмат хто бачыў.

Медальён Каліноўскага. Фота: 15min.lt

Намоленае месца

Калі глядзець на горад з вышыні Замкавай гары, на другім беразе Віліі добра бачныя віленскія хмарачосы. Гэта і ёсць Сніпішкі, альбо Шніпішкі — даўняе віленскае прадмесце. Злева ад сучасных шкляных гмахаў — адна са старадаўніх перапраў цераз раку, Зялёны мост (Žaliasis tiltas), і тут жа, ля самай вады, — барочны касцёл Святога Рафала. Акурат перад гэтым храмам і было некалі адно з намоленых месцаў — Сніпішская гара, курган з капліцай на вяршыні.

Традыцыйна лічыцца, што гэтая гара — месца апошняга спачыну ахвяраў эпідэміі чумы, што ўспыхнула падчас Паўночнай вайны на пачатку XVIII стагоддзя. Тады чорная смерць забрала жыцці каля паловы жыхароў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Віленскі ксёндз Тадэвуш Рагаля-Завадскі ўжо ў ХХ стагоддзі так пісаў пра тыя часы: «Тады голад і мор сабралі ў Вільні і яе ваколіцах сапраўднае жніво. Людзі падалі на дарогах і вуліцах, нібы каласы пад касой. І трывала гэта тры гады: 1708, 1709, 1710…».

Карціна невядомага мастака «Чума ў Вільні 1710 года». Захоўваецца ў касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла на віленскім Антокалі. Крыніца: edukamentas.lt

З падзеямі тых часоў звязаны ахвярны подзвіг рохітаў — манахаў ордэна Святога Роха. Паводле аднаго з манаскіх шлюбаў (клятваў), браты мелі ратаваць бедных і «заражаных паветрам» людзей. Калі Вільню апанавала чума, рохіты збіралі з вуліц і хавалі ў брацкіх магілах целы памерлых, ратуючы гэтым жывых месцічаў ад новых заражэнняў. Але заражаліся і самі. З усіх віленскіх братоў-рохітаў эпідэмію не перажыў ніводны…

У 1720 годзе манахі-езуіты ў памяць пра ахвярнасць рохітаў паставілі на Сніпішскай гары капліцу з фігурай Езуса, які нясе на сабе крыж. Даволі хутка месца пачало лічыцца цудадзейным. Яго папулярнасці спрыяла і тая акалічнасць, што капліца ў Сніпішках стаяла на шляху з горада цераз пераправу па Зялёным мосце на Віленскую Кальварыю — Галгофу з крыжовай дарогай і станцыямі-капліцамі. Рэлігійныя працэсіі з Вільні на Кальварыю міналі фігуру Езуса на Сніпішках.

Традыцыя паломніцтваў захоўвалася і ў наступным стагоддзі, пры расійскай уладзе. Пры гэтым і сама Сніпішская капліца з Езусам была асобнай шанаванай віленскай святыняй, куды вернікі прыходзілі са сваімі малітвамі. «Калі ў справах жыцця стане цяжкім нам крыж ці параняць шыпы, тады годна ісці па цярністым шляху, памажы нам, Хрысце!» — пісаў у польскамоўным «Гімне Пану Езусу на Сніпішках у Вільні» паэт Уладзіслаў Сыракомля.

Не чума, а маскоўскае войска

Не ўсе даследчыкі, аднак, згодныя з традыцыйным меркаваннем аб тым, хто быў пахаваны на Сніпішках. У 2020 годзе літоўскі краязнаўца Кястуціс Гірдзіяўскас выдаў нарыс «Сакрэт капліцы». У ім аўтар выказаў здагадку, што гісторыя пра ахвяраў чумы на Сніпішскай гары — легенда, адмыслова створаная ў ХІХ стагоддзі пад канкрэтнага адрасата, якім была расійская адміністрацыя. Гэта нібыта мела на мэце захаваць капліцу ад разбурэння.

Рэч у тым, што, як лічаць некаторыя гісторыкі, на гары маглі быць пахаваныя ўдзельнікі куды больш ранніх падзей — абаронцы Вільні ад маскоўскіх і казацкіх войскаў у 1655 годзе. Вядомая гістарычная падзея, калі войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча авалодалі сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, мела свой гераічны эпізод. Атрады пад камандаваннем вялікага літоўскага гетмана Януша Радзівіла на працягу ўсяго дня 8 жніўня баранілі ад маскоўцаў пераправу цераз Вілію, прыкрываючы адыход з горада войскаў і цывільнага насельніцтва. Толькі з надыходам ночы войскі ВКЛ пакінулі свае пазіцыі і адышлі ў Кейданы. Бітва адбывалася ў раёне сённяшняга Зялёнага моста.

Прыхільнікі версіі аб ахвярах вайны з Масквой збольшага абапіраюцца на ўскосныя сведчанні. Так, на яе карысць могуць сведчыць такія факты, што ўжо ў канцы XVII стагоддзя на гары стаяла фігура святога Яна Непамуцэна, што пабудовай новага касцёла Святога Рафала ля месца бітвы апекаваліся Радзівілы (хоць яны і не былі пачатковымі фундатарамі) і, нарэшце, што пакуль не выяўлена дакладных крыніц, якія б пацвярджалі, што ахвяр чумы 1708—1710 гадоў хавалі менавіта тут, так блізка ад ракі.

Ёсць і больш важкія аргументы. Сярод нямногіх рэчаў, знойдзеных сярод парэшткаў на Сніпішскай гары, была манета з выявай караля Яна Казіміра Вазы. Той кіраваў Рэччу Паспалітай з 1648 па 1668 год.

Знішчаная гара

На жаль, правесці грунтоўныя археалагічныя даследаванні і адназначна адказаць, якая з версій больш праўдзівая — а могуць быць праўдзівыя і адразу абедзве, — ужо не ўдасца. У красавіку — чэрвені 1950 года савецкія ўлады знішчылі капліцу і скапалі Сніпішскую гару да яе асновы. Улады тлумачылі свае дзеянні тым, што гара ўскладняла рух транспарту з моста Чарняхоўскага (так тады называўся Зялёны мост) да скрыжавання на вуліцы Дзяржынскага (цяпер Кальварыйскай).

Літоўскія навукоўцы даведаліся аб зразанні гары не адразу. Калі на месца прыбыў археолаг Мікалас Чарняўскас, гара была ўжо часткова знішчаная. На падставе пабачанага ім Чарняўскас датаваў пахаванні сярэдзінай XVII стагоддзя — менавіта ягонай тагачаснай знаходкай была вышэйзгаданая манета часоў Яна Казіміра.

Сніпішская капліца, дарэчы, была не адзінай знішчанай у савецкі час віленскай святыняй. Так, у маі 1950-га была ўзарваная кампазіцыя Трох крыжоў на аднайменнай гары. Пазней, у 1962 годзе, былі разбураныя капліцы на Кальварыі. Па звестках Кястуціса Гардзіяўскаса, такі ж лёс меў напаткаць нават славутую Вострую браму, на месцы якой планавалася пракласці праспект. Але да гэтага, на шчасце, справа не дайшла.

Сімвалічная знаходка

Хоць у сённяшняй Вільні адноўленыя многія архітэктурныя страты ранейшых часоў, месца былой Сніпішскай гары дагэтуль свеціць пусткай. Пра аднаўленне капліцы марыць група віленскіх энтузіястаў, але пакуль іх ідэя не знаходзіць падтрымкі муніцыпальных уладаў. А тым часам у сутарэннях касцёла Святога Рафала мясцовы пробашч нядаўна адшукаў драўляную фігуру. Навукоўцы, якім была перададзеная знаходка, пацвердзілі — знойдзеная фігура Езуса з няіснай сёння Сніпішскай капліцы.

Скульптура Езуса са Сніпішак, знойдзеная ў 2017 годзе. Экспануецца ў Віленскім музеі царкоўнай спадчыны. Фота: Bažnytinio paveldo muziejus, Facebook

Сімвалічнае супадзенне, што здарылася гэта ў 2017-м, то-бок у тым жа самым годзе, калі апоўзень на Замкавай гары прывёў археолагаў да пахаванняў паўстанцаў…

Пакуль справа аднаўлення капліцы на Сніпішках у Вільні яшчэ не рэалізаваная, вельмі падобную капліцу другой паловы XVIII стагоддзя на кургане можна пабачыць у вёсцы Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна. Фота Уладзіміра Садоўскага.

Матывы Каліноўскага

Цяжка сёння меркаваць, пра што думаў Кастусь Каліноўскі, носячы на сабе абразок са Сніпішскай капліцай. Ці гучалі разам з рэлігійнымі ў ягоных думках і патрыятычныя матывы, ці быў ён знаёмы з гісторыяй Сніпішскага кургана? Хто ведае. Але бясспрэчна, што многім з тых, хто сёння зірне праз музейнае шкло на адшуканы праз 150 гадоў медальён, з якім аўтар «Лістоў з-пад шыбеніцы» сустрэў сваю смерць на Лукішках, напросяцца свае паралелі. І ў роздумах пра лёс Каліноўскага знойдзецца месца думкам і пра шматлікія пакуты Бацькаўшчыны, і пра адважнасць абаронцаў яе сталіцы, і пра абсалютную самаахвярнасць, якую праявілі падчас эпідэміі віленскія манахі-рохіты.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?