Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Два гады таму Хуан Гуайдо ператварыўся з малавядомага маладога дэпутата ў нацыянальную надзею. Ён стаў найвялікшай пагрозай для захавання ўлады збанкрутаванага дыктатара Нікаласа Мадура.

У 2019 годзе падчас антыўрадавага пратэсту Хуан Гуайдо, кіраўнік Нацыянальнай асамблеі, абвясціў Мадура ўзурпатарам (на прэзідэнцкіх выбарах у маі 2018 года Мадура нават па афіцыйных звестках атрымаў толькі 68% галасоў выбаршчыкаў пры яўцы толькі 46%. Апазіцыя тыя выбары байкатавала), а сябе — часовым кіраўніком дзяржавы. Гуайдо падтрымалі венесуэльцы, каля 60 дэмакратычных краін свету прызналі яго часовым прэзідэнтам. Хуан Гуайдо здолеў аб’яднаць расколатую апазіцыю краіны і даў надзею ўсёй нацыі, прыгнечаную рэпрэсіямі і эканамічным крахам, піша The New York Times.

Аднак усё гэта не змяніла пазіцыі сілавікоў. Яны па-ранейшаму захоўваюць вернасць Мадура, міжнародныя саюзнікі пачалі сумнявацца ў далейшай падтрымцы Гуайдо, а апазіцыйная кааліцыя перастала існаваць, бо ў краіне проста не засталося поля для дзеяння апазіцыі.

Імклівы ўзлёт Гуайдо ў студзені 2019 года, а цяпер яго падзенне прывялі Венесуэлу ў палітычны тупік. 

Гуайдо і яго саюзнікі сцвярджаюць, што яны з’яўляюцца законным урадам. Апазіцыя выкарыстоўвае міжнародны ціск, каб прымусіць Мадура правесці свабодныя і справядлівыя прэзідэнцкія выбары.

Лідар венесуэльскай апазіцыі Хуан Гуайдо. Фота Depositphotos.com

Лідар венесуэльскай апазіцыі Хуан Гуайдо. Фота Depositphotos.com

«Я думаю, што мы набліжаемся да выхаду з палітычнага крызісу, — адзначае Хуан Гуайдо. — Мадура не зможа аднавіць міжнародны давер, а без яго будзе немагчыма аднавіць эканоміку ў краіне».

Аднак іншыя лідары венесуэльскай апазіцыі сцвярджаюць, што пратэсны рух амаль знішчаны, а маральны дух насельніцтва падае.

Амерыканскія санкцыі, якія мусілі дапамагчы Гуайдо, пазбавілі ўрад Мадура даходу, але таксама прымусілі венесуэльцаў засяродзіцца на штодзённым выжыванні, а не на палітычнай мабілізацыі. Спробы Гуайдо справакаваць ўзброенае паўстанне скончыліся ўзмацненнем кантролю Мадура над узброенымі сіламі.

Нікалас Мадура. Фота Depositphotos.com

Нікалас Мадура. Фота Depositphotos.com

Улады пераследуюць сваякоў і саюзнікаў Гуайдо. Большасць з іх былі вымушаныя з’ехаць за мяжу.

«Самае страшнае — тлумачыць сваёй трохгадовай дачцэ, чаму за ёй сочыць паліцыя», — кажа Хуан Гуайдо. Аднак малады лідар не збіраецца здавацца. «Так, я ахвяраваў сабой, але я паўтарыў бы гэта, калі трэба, хоць тысячу разоў», — адзначыў Гуайдо ў адным са сваіх інтэрв’ю.

Іншыя лідары апазіцыі настойваюць на тым, што пара прызнаць: прымусіць урад Мадура да адстаўкі не ўдасца, трэба іншая стратэгія. Некаторыя пачынаюць прыстасоўвацца да абставін. Многія лідары апазіцыі рыхтуюцца да ўдзелу ў мясцовых і рэгіянальных выбарах, якія сёлета будуць праводзіцца ў Венесуэле. Напрыклад, Карлос Акарыс, вядомы апазіцыянер, пачаў праводзіць мітынгі ў штаце Міранда перад выбарамі губернатара.

«Мы павінны замяніць стратэгію на больш рэалістычную», — заявіў Энрыке Капрылес, яшчэ адзін апазіцыянер і былы кандыдат у прэзідэнты.

Тым не менш, лепшае, на што можа разлічваць апазіцыя ў рэгіянальных выбарах, — пара губернатарскіх пасад, прытым што Мадура забраў у губернатараў паўнамоцтвы і кантроль над фінансамі.

Палітычная сіла Хуана Гуайдо была ў дыпламатычным прызнанні з боку ЗША і іншых краін, але многія еўрапейскія і лацінаамерыканскія дзяржавы спынілі падтрымліваць яго, калі 5 студзеня скончыўся яго тэрмін паўнамоцтваў у якасці кіраўніка парламента. Міжнародная супольнасць не можа вечна падтрымліваць лідара, які не мае рэальнага кантролю над краінай.

Пасля таго як Гуайдо абвясціў сябе часовым прэзідэнтам, ЗША вылучыла $30 мільёнаў на падтрымку Нацыянальнай асамблеі, якую венесуэльская апазіцыя кантралявала да снежня 2020 года, і іншую палітычную дзейнасць у Венесуэле, накіраваную на барацьбу з рэжымам, паведамляе Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці.

У мінулым месяцы Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Вашынгтон не плануе пачынаць перамовы з Мадура і будзе працягваць падтрымліваць Гуайдо.

Венесуэльскія крытыкі сцвярджаюць, што апазіцыя рызыкуе пайсці па шляху кубінскіх апанентаў Фідэля Кастра, якія ў выгнанні на працягу шасці дзесяцігоддзяў і ў выніку не маюць ніякага ўплыву на сітуацыю ўнутры краіны.

«Працягваць гэта не мае ніякага сэнсу, — мяркуе Сталін Гансалес, былы саюзнік Гуайдо, які ў апошнія месяцы перастаў яго падтрымліваць. — І Мадура, і частка апазіцыі хацелі б, каб было як на Кубе, бо гэта выгадна абодвум бакам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0