Праект нядзельных экскурсій ладзяць экскурсаводы Полацка. На іх думку, у той час, калі турыстаў няшмат, трэба адкрываць таямніцы Полацкай зямлі ўсім, хто цікавіцца. І цалкам бясплатна.

Праект з першага дня прыцягнуў увагу міліцыі. Кожны раз, калі праводзілася экскурсія, за групай ішла пара міліцыянераў у поўнай экіпіроўцы. Яны былі побач з удзельнікамі і ў стараверскай царкве, і ў касцёле, і ў музеі «Эпоха Леніна». Але тое, што экскурсанты пабачылі 7 лютага, падштурхнула іх напісаць скаргу ў пракуратуру Полацкага раёна.

У гэты дзень група экскурсантаў сабралася на плошчы Францыска Скарыны. Падчас агляднай экскурсіі па горадзе гаворка ішла пра навучальныя ўстановы ў Полацку на пачатку ХХ стагоддзя.

«Але колькасць міліцыянераў у форме і без формы, якія атачалі нашую групу, уразіла. На 22 экскурсанты мы налічылі 10 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія «канваявалі» нас да самага музея», — расказала палачанка Ларыса.

Паводле жанчыны, калі група выходзіла з музея, міліцыянеры пачалі здымаць усіх экскурсантаў на некалькі відэакамер, а маёр Цімур Лаўрэнцьеў праверыў (а потым і сфатаграфаваў) у экскурсавода дакументы і спіс экскурсантаў.

Удзельнікі нядзельных экскурсій чакаюць цяпер, што адкажа на іх зварот пракуратура.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0