Паслухаць, паспрачацца, выказаць свае меркаванні ў размове са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і Франкам Вячоркам сабралася больш за тысячу чалавек. Гэта новы фармат — ты можаш наўпрост задаць хвалюючае пытанне палітыкам, альбо выказаць сваю думку, што трэба рабіць далей.

Так выглядае інтэрфейс ClubHouse, скрын узяты з сайта kyky.org.

Так выглядае інтэрфейс ClubHouse, скрын узяты з сайта kyky.org.

Дадзеная сустрэча была першай, калі фармат палічаць паспяховым, то працягнуцца яны далей. Тэма спаткання — Беларусь пасля Лукашэнкі.

«Беларусь будучыні для мяне — гэта новыя дэмакратычныя выбары. Пасля выбараў — прыняцце новай Канстытуцыі. Пабудова парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, дзе за права фарміраваць будуць весці палітычныя партыі. Паўнамоцтвы парламента і прэзідэнта будуць прапісаныя так, каб выключыць магчымасць узурпацыі ўлады.

У эканоміцы — актыўная, рыначная эканоміка. Часткова прыватызацыя, стварэнне новых галін эканомікі, добрыя ўмовы для прыходу інвестараў. Усе пацярпелыя цягам палітычных рэпрэсій будуць апраўданыя і атрымаюць кампенсацыю», — сказаў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

«Для мяне самае галоўнае — гэта бяспека. Павел Латушка гаварыў пра ідэальную Беларусь, і шмат у каго можа скласціся меркаванне, калі мы пераможам, то ўсю адразу стане прыўкрасна. Але ж мы разумеем, што гэта не так. Мы павінны разумець, што гэта доўгі працэс, вельмі шмат работы», — адрэагавала на гэта Святлана Ціханоўская. Яна задала пытанне, з якімі галоўнымі праблемамі мы сутыкнёмся пасля выбараў?

Блогер Антон Матолька адказаў так: «Галоўная праблема — гэта судовая сістэма, адсутнасць у Беларусі незалежных судоў. Калі такая сістэма з’явіцца, то астатняе рашаць будзе нашмат прасцей».

Слухач з Каліфорніі сказаў, што гатовы выходзіць на пратэсты і пытаўся, што рабіць, калі ўлада не пойдзе на перамовы. «Мы будзем імкнуцца да перамоў, але ідэальнай сітуацыі дасягнуць будзе цяжка. Калі ўлада не пойдзе на перамовы, то ў грамадства ёсць права на самаабарону і рэагаванне іншымі законнымі метадамі на бясчынства ўладаў», — адказаў Латушка.

Нехта «Алекс» прапанаваў Святлане Ціханоўскай свае паслугі ў якасці міжнароднага памочніка. «У мяне гэта атрымаецца лепш, чым у Франка». Потым людзі зразумелі, што гэта быў пранкер «Лексус», які проста спрабаваў развесці прысутных.

«Дамаўляцца патрэбна з усімі, ой, я перайшла на беларускую мову, — адказвала Ціханоўская пра магчымыя перамовы з Расіяй. — Мы адкрытыя да дыялогу, калі ў нас будуць кантакты з афіцыйнай Расіяй, то адразу раскажам».

«Вельмі цяжка перамагчы без пераходу сілавікоў на наш бок», — зазначыла Ціханоўская, калі гаворка пайшла пра рэформы МУС. Гаварылі таксама пра ІТ-сектар, пра культуру. Абмеркаванне працягнулася нават пасля таго, як з «пакоя» выйшлі ўсе палітыкі.

Глядзі яшчэ: Што за элітарная закрытая сацсетка ClubHouse, пра якую ўсе гавораць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?