Медык у кавідным касцюме, Мінск. Фота Надзеі Бужан

Медык у кавідным касцюме, Мінск. Фота Надзеі Бужан

Амерыканская кампанія Pfizer, якая працуе ў партнёрстве з нямецкай BioNTech, з гонарам абвясціла, што да канца года з яе заводаў выйдзе як мінімум 2 мільярды доз вакцыны, а не 1,3 млрд, як планавалася раней.

Гэта вынік тэхналагічных навацый і аператыўнага запуску дадатковых вытворчасцей на заводах у Марбургу (Нямеччына), Пуурсе (Бельгія) і ў амерыканскіх штатах Місуры, Масачусэтс і Мічыган. За апошні месяц Pfizer-BioNTech падвоілі тэмпы прадукцыі.

У другім квартале да вырабу Pfizer-BioNTechаўскай вакцыны Comirnaty падключаецца швейцарская Novartis, са жніўня — франкфурцкі завод Sanofi, ён адзін да канца года дадаткова выдасць 100 млн доз.

Гэта не адзіны заходні вытворца вакцын ад кавіду. Свае распрацоўкі вырабляюць амерыканская Moderna і брытанска-шведская AstraZeneca. Да іх у найбліжэйшыя месяцы дададуцца яшчэ некалькі вытворцаў. Сукупна за 2021 год яны, верагодна, выпрадукуюць каля 6 мільярдаў доз.

Тым часам тры расійскія вытворцы разам за першае паўгоддзе выпусцяць толькі 88 млн доз, з якіх 83 млн прыйдзецца на Sputnik V, заявіла ў суботу на расійскім ТБ віцэ-прэм’ер урада Расіі Таццяна Голікава. Гэта нашмат больш, чым ранейшы прагноз пра 30 млн доз, але гэта радыкальна менш, чым той мільярд доз, якія ў мінулым годзе анансаваў Расійскі фонд прамых інвестыцый.

Аб адставанні з вакцынацыяй у Расіі сведчыць і яе стан на цяпер. На 20 лютага ў Расіі першую дозу атрымалі (па падліках журналістаў РБК, бо ў Расіі не існуе агульнафедэральнай статыстыкі вакцынацыі) каля 3,2 мільёна чалавек, тады як у ЗША, Еўрасаюзе, Брытаніі, Канадзе і Ізраілі, якія абапіраюцца на Pfizer-BioNTech і Moderna, уведзена ўжо 111 млн доз.

Статыстыка вакцынацыі ў свеце, паводле даных агенцтва Блумберг, такая:

Беларусь жа адстае і ад Расіі. У нас, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, толькі каля 20 тысяч чалавек, 0,2% насельніцтва — медыкі — прайшлі вакцынацыю. Тады як у суседніх Польшчы і Літве — ужо пад 5%, 2,5 мільёна чалавек.

Праўда, днямі Беларусь атрымала 100 тысяч доз кітайскай вакцыны Sinopharm. Але пры выпрабаваннях кітайскія вакцыны паказалі нашмат меншую эфектыўнасць, чым Comirnaty і Sputnik V.

Звяртае ўвагу, што ў Еўрасаюзе вакцыны размяркоўваюцца згодна з прынцыпам еўрапейскай салідарнасці, у роўнай прапорцыі па розных краінах. Хоць вырабнік вакцыны Германія, тэмп вакцынацыі там нават павальнейшы, чым у Румыніі, Польшчы, Літве. Тады як у Еўраазіяцкім эканамічным саюзе Расія пакуль паставіла саюзнікам толькі сімвалічныя партыі.

Таццяна Голікава прагназуе, што ў першым паўгоддзі 59 млн доз пойдуць на ўнутраныя патрэбы Расіі, астатнія — на экспарт. Расія заключыла кантракты на пастаўку Sputnik V у Венгрыю, Мексіку, Аргенціну ды іншыя краіны, але, мяркуючы па аб’ёмах, якія Масква здольная паставіць, гаворка пойдзе або пра мінімальную колькасць краін, або пра адносна невялікія аб’ёмы паставак.

Улады Беларусі, здаецца, і не ўзважвалі магчымасць набыцця для краіны адначасова вакцын заходніх і расійскіх, як тое робяць Венгрыя ці Чылі, выбар Sputnik V абумоўлены палітычнымі і фінансавымі прычынамі. Вынік — спазненне ў вакцынацыі проці еўрапейскіх краін.

Былы міністр аховы здароўя, а цяпер кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік. Фота Надзеі Бужан

Былы міністр аховы здароўя, а цяпер кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік. Фота Надзеі Бужан

ЗША плануе забяспечыць вакцынацыю кожнага ахвотнага амерыканца да канца першага паўгоддзя. Еўрасаюз мае скончыць прышчапленне да канца лета. Між тым, нават калі агучаныя Голікавай лічбы будуць дасягнутыя, а Расія слыве несупадзеннем планам і фактаў, то, з улікам экспартных абавязацельстваў, вакцынацыя насельніцтва Расіі, верагодна, не завершыцца і да канца года. Што да Беларусі, то тады шмат будзе залежыць ад гіпатэтычнай арганізацыі вытворчасці вакцыны на нашай тэрыторыі — ідэя тэарэтычна добрая, але наколькі краіна здольная забяспечыць выпуск якасных вакцын з нуля, не маючы досведу такой прадукцыі?

Беларуская дзяржаўная прапаганда поўніцца негатыўнай інфармацыяй, звязанай з заходнімі вакцынамі, і пазітыўнай — пра расійскую. Апошняе не супярэчыць праўдзе. Лабараторныя даследаванні Sputnik V, сапраўды, далі вынік толькі на некалькі працэнтаў горшы за Pfizer-BioNTech і Моderna. Але трэба адзначыць, што Pfizer-BioNTech ужо даказала эфектыўнасць і па факце прымянення, ізраільскія «палявыя даныя» нават на некалькі дзясятых працэнта перавысілі лабараторныя.

Пытанне тэмпу вакцынацыі не тэарэтычнае. Да чаго прыводзяць палітычныя памылкі ў сітуацыі пандэміі, усе пабачылі ў 2020-м: не толькі каласальныя фінансавыя траты на лячэнне і непрацаздольнасць дадатковых хворых, але і да агромнай смяротнасці. Кожны месяц адставання будзе забіраць тысячы жыццяў.

У Расіі, у адрозненне ад Беларусі, статыстыка смяротнасці не закрытая, і яна паказвае, што РФ панесла нашмат большыя страты, чым усе іншыя еўрапейскія краіны. У Расіі смяротнасць у 2020 годзе вырасла на 18% проці 2019 года. Гэта значыць, што ад наступстваў кавіду ў РФ толькі за 2020-ы памерла каля 350 тысяч чалавек. У пераліку на душу насельніцтва гэта больш за 5,3 разу, чым у Германіі, дзе кіраўніцтва падышло да пандэміі без папулізму, а канцлерка Меркель не з’яўляецца на людзях без маскі.

У Беларусі адзіны раён, які апублікаваў звесткі аб смяротнасці, — Вілейскі. І сітуацыя там яшчэ горшая, чым у Расіі: у 2020-м смяротнасць там вырасла проці 2019 года на 27%. (Для параўнання: у Германіі смяротнасць вырасла толькі на 3,4%.)

Дарэчы, вакцыну Pfizer-BioNTech распрацавала нямецкая пара з турэцкімі каранямі Угур Шахін і ягоная жонка Азлем Турэчы — якая аплявуха афіцыйнай расійскай і беларускай прапагандзе, якія гадамі малявалі акурат Еўропу прырэчанай на выміранне праз яе адкрытасць для эмігрантаў іншых вызнанняў і рас. Навукоўцы гавораць, што гэтыя дзеці турэцкіх гастарбайтараў здзейснілі рэвалюцыю ў фармацэўтыцы, бо ўпершыню была створаная мРНК-вакцына.

Угур Шахін і ягоная жонка Азлем Турэчы — стваральнікі вакцыны Pfizer-BioNTech

Угур Шахін і ягоная жонка Азлем Турэчы — стваральнікі вакцыны Pfizer-BioNTech

А аператыўнасць у яе вытворчасці — заслуга трансатлантычнага супрацоўніцтва, кааперацыі нямецкай кампаніі і амерыканскай карпарацыі. Трансатлантычная супраца, між тым, іншая традыцыйная мішэнь антызаходняй прапаганды.

«Мы дагэтуль дзівімся, чаму Расія тэарэтычна прапануе іншым краінам мільёны доз [«Спутника V»], але ж пры гэтым не дасягнула дастатковага прагрэсу ў вакцынацыі ўласнага насельніцтва», — з мяккай іроніяй заявіла, выступаючы ў Брусэлі, Урсула фон дэр Ляен. Кіраўніца Еўракамісіі назвала гэта пытаннем, «на якое мусіць быць дадзены адказ».

Масква вымушаная была рэагаваць. У суботу прэс-сакратарка расійскага МЗС Марыя Захарава «не выключыла новых русафобскіх праяў на фоне поспеху расійскіх вакцын».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0