Кніга была прэзентаваная ў мінулым лютым у Мінску з удзелам пасла Украіны Ігара Кізіма. Фота Пасольства Украіны ў Беларусі
Высветлілася гэта наступным чынам.
У снежні журналіст Раман Васюковіч вяртаўся з Кіева ў Мінск. Яго накіравалі на ўзмоцнены надгляд у аэрапорце, канфіскавалі ноўтбук і два асобнікі кнігі. Кнігу адправілі на экспертызу.
Ноўтбук яму гатовыя вярнуць, але 24 лютага на яго склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 17.11 КаАП РБ — у кнігах знайшлі «прыкметы праявы экстрэмізму», паведамляе «Белсат».
Цяпер Васюковічу пагражае штраф да 1450 рублёў за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» — такія заклікі знайшлі ў кнізе.
Кніга «Беларускі Данбас» — журналісцкае расследаванне Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны, ролю беларусаў і ўплыў канфлікту на Беларусь.
Кацярына Андрэева на мінулым тыдні разам з Дар'яй Чульцовай была асуджаная на два гады калоніі за стрым з плошчы Пераменаў.