Закінутая хата ў Валожынскім раёне. Фота Андрэя Дынько.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя сялянскія дзеці ў Расійскай імперыі маглі атрымаць пачатковую адукацыю або ў царкоўна-прыходскіх школах (кіраваліся Сінодам), або ў народных вучылішчах (падпарадкоўваліся Міністэрству народнай асветы). Хоць царкоўна-прыходскіх школ у Расіі было значнай больш, чым народных вучылішчаў, апошнія давалі лепшыя веды.

Вось толькі з гэтымі вучылішчамі ў нас была істотная праблема. У губернях, дзе ў 1864 годзе была праведзена земская рэформа, імі апекаваліся земствы. Але на заходніх ускраінах імперыі, закранутых паўстаннем 1863—1864 гадоў, расійскі ўрад земскую рэформу праводзіць не стаў.

Таму нічога дзіўнага, што, паводле перапісу 1897 года, у Паўночна-Заходнім краі толькі 18,1% сялян назвалі сябе пісьменнымі. У той жа час у цэлым у еўрапейскай частцы Расіі пісьменнасць сярод сялян была на ўзроўні 25,7%.

«Не трэба й кланяцца Яхіму — наняць дарэктара на зіму…»

Часта сяляне вырашалі вучыць сваіх дзяцей самастойна. Наймалі дарэктара — знаёмага пісьменнага чалавека, які за невялікія грошы зімой вучыў дзяцей чытаць, пісаць, лічыць. Такі выпадак апісвае ў паэме «Новая зямля» Якуб Колас. Там, як мы памятаем, ляснік Міхал у раздзеле «Дарэктар» прывёз з вёскі ў леснічоўку хлопчыка Яську Базылёва, які вучыў таму, што ведаў сам, сыноў гаспадара Уладзю, Алеся і Костуся.

У іншым выпадку сяляне грамадою самі ладзілі нешта падобнае на школу: наймалі настаўніка, дамаўляліся, у чыёй хаце будуць весціся заняткі. Што тут кепскага, здавалася б?

Але не з пункту гледжання ўладаў. Нелегальнае навучанне часта заканчвалася штрафамі або нават арыштамі. Толькі Мінскі акруговы суд з 1883 па 1917 год разгледзеў каля 378 крымінальных спраў, якія тычыліся парушэння правіл адкрыцця школ і навучання дзяцей грамаце.

Паказальнай тут будзе гісторыя, якая адбылася з жыхарамі вёскі Леснікі і аднайменнай ваколіцы ў Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер Валожынскі раён).

Крыж на ўездзе ў Леснікі, аздоблены стужкамі. Фота Андрэя Дынько.

15-гадовы настаўнік

У снежні 1908 года Казімір, Франц, Антон, Ігнат Пратасевічы і Станіслаў Лужынскі вырашылі рэшту зімы падвучыць сваіх дзяцей. Нехта падказаў, што ў суседняй вёсцы Агароднікі ва Уладзіслава Іваноўскага ёсць сын Браніслаў, які ўмее чытаць і пісаць.

Хата Мальвіны Пратасевіч — самая старая ў вёсцы. Жанчына ўсё жыццё пражыла ў бацькоўскай хаце, муж да яе прыйшоў у прымы. Здаецца, яна была адной з вучаніц школкі. У спісах навучэнцаў ёсць дзесяцігадовая Мальвіна Пратасевіч. Вядома, што яе муж быў таксама Пратасевіч, прозвішча яна не мяняла. Фота Андрэя Голуба.

Іваноўскаму прапанова спадабалася: 15-гадовы сын заробіць па 75 капеек з вучня за зіму, а як прыйдзе пара сеяць, вернецца дадому.

Як набожныя каталікі, сяляне атрымалі і блаславенне ксяндза Умінскага ў Пяршаі.

Па тры дні

Пасля Каляд пачаліся заняткі для 17-ці вучняў — 12 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Малады настаўнік вучыў усяму таму, пра што сам даведаўся за тры зімы хатняга навучання ў такога ж, як і ён сам цяпер, настаўніка.

Кніжак спачатку не было, але пасля тры асобнікі падручніка па рускай грамаце «Книга для чтения в народных училищах Северо-Западного края России» недзе адшукалі. Былі ў распараджэнні школкі і шэсць польскіх малітоўнікаў. Яшчэ на ўсіх 17 вучняў было ажно восем сшыткаў — на некаторых, дзе былі вокладкі, настаўнік мог паказаць партрэты Аляксандра Пушкіна і Міхаіла Лермантава, чые вершы дзеці чыталі і вучылі на памяць.

Дарэктар і яго вучні ў «Новай зямлі» Якуба Коласа. Ілюстрацыя Георгія Паплаўскага.

Школа разам з настаўнікам пераходзіла кожныя тры дні з хаты аднаго вучня да другога, але часцей за ўсё заставалася ў адным месцы на шэсць і болей дзён, бо ў некаторых бацькоў вучылася па некалькі дзетак.

Так прамінулі студзень і люты. Пачынаўся сакавік, і ўжо праз які месяц вучоба мусіла скончыцца.

Нязваны госць

5 сакавіка 1909 года заняткі праходзілі ў хаце Юзафа Пратасевіча. Раптам у хату ўляцеў паліцыянт Мікалай Кулага.

Пасека ў старым закінутым садзе, Валожынскі раён. Фота Андрэя Дынько.

Навучанне ў школе скончылася доўгім спісам абвінавачанняў гаспадара хаты, што без дазволу заснаваў і адкрыў навучальную ўстанову, узяў да сябе асобу для навучання дзяцей, якая не мела патрэбнага пасведчання (артыкул 1049 і частка 2 артыкула 1051 Улажэння аб крымінальных і папраўчых пакараннях). Маладога настаўніка ўраднік абвінаваціў у тым, што той вучыў дзяцей у прыватным доме, не маючы патрэбнага па законе пасведчання (частка 1 артыкула 1051). На развітанне Кулага забраў з сабой як рэчавыя доказы падручнікі, малітоўнікі і сшыткі.

Цікава, што ў той жа дзень ураднік выкрыў яшчэ адну таемную школку — у вёсцы Сядлішча.

Следства доўжылася з 15 сакавіка па 31 мая.

Развіты настаўнік ці не?

Ксёндз Умінскі прасіў, каб пратакол склалі на яго, а не на маладога Іваноўскага. Але просьба была марная. Доля Браніслава Іваноўскага як непаўналетняга вырашалася асобна. Паліцыя старанна вызначала, ці дзейнічаў ён па сваёй волі і ці разумеў, што робіць.

Спачатку сваякі і суседзі маладога Іваноўскага ў адзін голас казалі, што Браніслаў маларазвіты і не можа цалкам адказваць за свае ўчынкі.

Але пасля ў Пяршаі з Мінска прыехаў для агляду хлопца доктар Рэпер. І тады бацькі далі паўторныя паказанні, якія пацвердзілі заключэнне медыка: Браніслаў Іваноўскі для свайго ўзросту добра развіты і можа цалкам адказваць за ўсе свае ўчынкі.

На гэтым следства скончылася. Справа была перададзена ў Мінскі акруговы суд, які прызнаў Юзафа Пратасевіча і Браніслава Іваноўскага вінаватымі па ўсіх выстаўленых абвінавачаннях. Канчатковы прысуд быў вынесены 10 кастрычніка 1909 года. Бацьку вучня і настаўніку суд прызначыў штраф у памеры двух рублёў або арышт на суткі, калі грошай не будзе. Таксама Пратасевіч з Іваноўскім мусілі пароўну аплаціць дарогу і працу доктара Рэпера, якая была ацэнена ў 13 рублёў 11 капеек.

Каб чытачу зразумець, наколькі вялікім быў такі штраф, прывядзём такі факт: у пачатку ХХ стагоддзя кілаграм ялавічыны з лапаткі каштаваў прыкладна 45 капеек.

Будынак старой школы ў Захажэве з аркадамі на ўваходзе доўгі час прадавалі з аўкцыёну, але ён так і стаіць занядбаны. Фота Андрэя Дынько, мапа Уладзіміра Садоўскага.

Дарэктар стаў фермерам

Цікава склаўся лёс нешчаслівага настаўніка з Агароднікаў. У канцы 1920- х Браніслаў Іваноўскі разам з яшчэ двума землякамі выехаў у Аргенціну па лепшую долю. Тады так рабілі многія жыхары Заходняй Беларусі (гл. артыкул Сяргея Шабельцава «Беларусы-чакарэра: як нашы суайчыннікі багацелі ў Аргенціне» ў № 5/2019 «Нашай гісторыі»).

Фота Андрэя Дынько.

Эміграцыя не была мёдам. У адным з лістоў да родных Браніслаў успамінаў, што грошай яму хапала толькі каб паесці.

Разам з двума сябрамі яны ўзялі 200 гектараў зямлі за 1000 кіламетраў ад Буэнас-Айрэса. Няўдала: ураджай 7 год запар знішчала саранча. Урэшце Браніслаў Іваноўскі зямлю прадаў і пераехаў у сталіцу. Пасля яшчэ раз — у правінцыйны гарадок. Перад пенсіяй Іваноўскі працаваў на фабрыцы і разам з жонкай-швачкай трымаў невялікую тэкстыльную краму. У іх быў сын Альберт, які ўспадкаваў сімпатыю бацькі да педагогікі і вывучыўся на выкладчыка фізікі і матэматыкі.

Малодшы брат Браніслава Уладзіслаў скончыў за польскім часам настаўніцкую семінарыю, хоць настаўнікам не працаваў. А ягоны сын, Збігнеў Іваноўскі, стаў доктарам палітычных навук і цяпер кіруе Цэнтрам палітычных даследаванняў Інстытута Лацінскай Амерыкі Расійскай акадэміі навук і выкладае на факультэце глабальных працэсаў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

62-гадовы Міхал Шумейка ездзіць на работу на ферму ў Леснікі з Ласокіна. Жыхароў у саміх Лесніках засталося зусім мала, яшчэ колькі хат сталі лецішчамі. Фота Андрэя Дынько.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?