«Наша Ніва» ўжо апісвала бязрадасныя тэндэнцыі ў РНПЦ імя Аляксандрава — дарослай анкалогіі ў Бараўлянах, адкуль звальняюцца і эмігруюць талковыя спецыялісты. 

Чытайце: Эміграцыя медыкаў з РНПЦ анкалогіі набывае трывожны маштаб: «Зона камфорту знішчана людзьмі ў чорным»

Аказваецца, і ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі адбываецца нешта падобнае. 

Пасля падзей лета — восені і прымусовага звальнення папярэдняга дырэктара Наталлі Каноплі, якую калегі апісваюць як «спецыяліста экспертнага ўзроўню, прыстойнага і добрага чалавека», працэсы карозіі паскорыліся.

Фота: justarrived.by

Фота: justarrived.by

Цэнтр складаецца з чатырох анкагематалагічных аддзяленняў, аддзялення рэанімацыі, трансплантацыі, дзённага стацыянара, кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення, аддзела функцыянальнай дыягностыкі, лабараторыі і навуковага аддзела. 

Яшчэ ў лістападзе асноўных спецыялістаў — анколагаў-гематолагаў — было 27 чалавек. Але цяпер іх менш на 20% — «Нашай Ніве» вядома пра сыход прынамсі 6 чалавек. 

Як і ў дарослай анкалогіі, медыкі выказваюць незадаволенасць многімі аспектамі рабочага працэсу, але апошняй кропляй называюць палітыку. 

«З лета дзевяць з нашых дактароў прайшлі праз арышты», — кажа адзін з нашых суразмоўцаў. 

Найбольш грамадства ведае пра былую загадчыцу аддзялення для дзяцей старэйшага ўзросту Надзею Пятроўскую — нядаўна яе затрымлівалі проста на выхадзе з «Ладэ».

Чытайце таксама: «Мне матам тлумачылі, хто ў гэтай краіне доктар, а хто — не»: анколаг Пятроўская расказала пра сваё затрыманне пасля выхаду з «Ладэ»

Чытайце таксама: «Я больш не магу»: загадчыца аддзялення РНПЦ дзіцячай анкалогіі звольнілася, бо не можа нармальна працаваць ад хваляванняў за калег

У лютым Пятроўская эмігравала. Яна не стала каментаваць сваё рашэнне. 

А вось што кажуць іншыя:

«З 9 жніўня мы, супрацоўнікі цэнтра, у меру сваіх магчымасцяў супрацьстаім гвалту. З сярэдзіны жніўня і да лістапада мы пісалі звароты ў Мінздароўя, да структур улады, мы падкрэслівалі, што медыкі супраць бязмежжа і беззаконня, выходзілі ў ланцугі салідарнасці.

Але ў лепшы бок нічога не мянялася, да нас прыязджалі прадстаўнікі Мінздароўя, прафсаюза, сядалі насупраць і пачыналі гаварыць так, што заставалася ўражанне — да нас, дзіцячых анколагаў, ставяцца як да бесталковых падлеткаў з юнацкім максімалізмам, якія не ведаюць, чаго яны хочуць, і ні ў чым не разбіраюцца.

Медыкі — тыя, каму цяжэй за астатніх працаваць у бяздумнай сістэме, бо наша работа патрабуе інтэлекту і крытычнага мыслення.

Калі замест спынення гвалту і вяртання законнасці на цябе спрабуюць уздзейнічаць нейкімі сцяжкамі на працоўным месцы, загонам у прафсаюз, подпісам нейкіх там лістоў за невядома што, толькі не за тое, што сапраўды трэба, то некаторыя не вытрымліваюць.

Мой сыход — ад бяссілля і расчаравання. 

Паўтара месяцы таму я не лічыла, што буду задумвацца пра пераезд. А цяпер ён вось тут, зусім побач, засталося зрабіць крок», — сказала доктарка, якая ўжо звольнілася з РНПЦ. 

Усе, з кім мы гаварылі, з асаблівым негатывам падкрэслівалі факт таго, што намеснікам дырэктара ў цэнтр прыслалі спецслужбіста, які ні дня не працаваў у медыцыне. Яго функцыі — нешта кшталту кантралёра, ідэолага і спецыяліста па кадрах. 

У Рэдакцыю перадалі аўдыязапіс выступлення гэтага чалавека перад работнікамі цэнтра, да якіх ён звярнуўся «калегі», што выклікала смех. 

«Я — Алексіевіч Віктар Канстанцінавіч, 1972 года нараджэння, спецыяльнасць «матэматыка і фізіка», скончыў Віцебскі педагагічны, з 1995 года на службе ў органах бяспекі. Спецыялізацыя — супрацьдзеянне тэрарызму, гандлю зброяй, добра ў гэтым пытанні разбіраюся […], — кажа спецслужбіст пры знаёмстве з калектывам. — Потым я знаходзіўся на кадравай рабоце, у Мінску з 2019 года, намеснік начальніка ўпраўлення кадраў […].

Звольніўся ў студзені 2020, была прапанова пазаймацца прафсаюзнай работай. Год я празаймаўся прафсаюзнай работай — гэта важны складнік нашага грамадскага жыцця, у прынцыпе, у прафсаюзе моцна не крыўдзілі, і заробку хапала, ну а ў пэўны час прыйшла інфармацыя, што будуць стварацца пасады ў арганізацыях аховы здароўя. Цікавасці вялікай спачатку не было: ну ствараюцца ды ствараюцца, у мяне там пасада добрая, сам сабе начальнік. […]

Службовая інструкцыя яшчэ рыхтуецца. Я так разумею, там будуць пытанні бяспекі: унутранай пагрозы ў калектыве і знешнія пагрозы.

Пры ўсім плюралізме меркаванняў вакол цэнтра ёсць неабавязкова добрая актыўнасць, трэба ў гэтым разабрацца. Таму, паважаныя, каб вы разумелі, будзем знаёміцца». 

У абгрунтаванне сваёй кампетэнтнасці Віктар Алексіевіч сказаў, што «чытаў кніжку пра цэнтр». 

Вось такая цяпер сітуацыя ў цэнтры. 

«Людзі сыходзілі і раней. Але апошнія звальненні анколагаў з цэнтра, уключаючы дырэктара Наталлю Канаплю, прывялі да таго, што на тых, хто застаўся, лягла празмерная нагрузка», — кажуць людзі, што працуюць у цэнтры. 

«У аддзяленні доктар вядзе як мінімум ў паўтара разу больш пацыентаў, чым паложана на стаўку. Людзі заўсёды стомленыя. У кансультатыўна-паліклінічным аддзяленні пры норме на стаўку 13 чалавек сярэдні прыём звычайна — 18-20 чалавек.

Прыйшла новая партыя інтэрнаў — гэта зялёная моладзь, якую трэба давучваць. Яны ўжо ў шоку. Яшчэ не навучаныя, а на іх ужо лягла нагрузка не па магчымасцях, інтэрны вядуць у аддзяленнях найцяжэйшых пацыентаў, практычна ў кожным аддзяленні засталося па два дасведчаныя медыкі, якія не могуць разарвацца». 

Ці атрымліваецца ў новай дырэктаркі, Анжалікі Сонцавай, даць рады крызісу? 

Анжаліка Сонцава — галоўны дзіцячы эндакрынолаг Беларусі, фота: «Медицинский вестник»

Анжаліка Сонцава — галоўны дзіцячы эндакрынолаг Беларусі, фота: «Медицинский вестник»

«Новая дырэктарка чакана аказалася слабай у арганізацыі работы дзіцячай анкалогіі, таму імкнецца праявіць сябе ў фармалізацыі. Ажно да рэйдаў на склад з кантролем літаральна кожнага вядра для смецця», — кажуць работнікі цэнтра.

Медыкі наракаюць, што разам з павелічэннем нагрузкі і фармалізмаў заробкі сталі ніжэйшымі — у сярэднім на 200 рублёў за мінулы месяц. Тыя, хто працаваў на паўтары стаўкі, цяпер не можа іх атрымаць.

«Прыклад: доктар на сутачным дзяжурстве, пасля якога застаецца на свой працоўны дзень. І заўтра яму зноў на работу, ніякіх адсыпных дзён. А новая дырэктарка ўводзіць прапускны рэжым з кантролем адпрацаванага часу — гэта плявок у работнікаў, якім і так не салодка, дзяжурствы ў дзіцячай анкалогіі і так аплочваюцца горш, чым у дарослай.

Усе маюць падпрацоўкі, часам у іншым аддзяленні, часам у навуковым аддзеле, а яна сочыць, як бы хто не зрабіў сваю работу хутчэй і не пайшоў «халтурыць». Смешна.

Пры тым што ніхто не даплачвае ў рэгулярных сітуацыях, калі, напрыклад, пацыент у аперацыйнай, а доктар пасля заканчэння працоўнага дня чакае, каб распісаць ліст прызначэнняў і перадаць дзяжурнай змене», — наракаюць дактары.

Таксама трывожна аб стане рэчаў адгукаюцца з навуковага аддзела РНПЦ. Навуковы аддзел — гэта рухавік дзіцячай анкагематалогіі і імуналогіі. Гэта яны распрацоўваюць і ўкараняюць новыя метады лячэння і дыягностыкі, даследуюць клетачную тэрапію і ўсё тое астатняе, чым потым лечаць беларускіх дзяцей.

«Шмат год РНПЦ быў адным з перадавых у рэйтынгу навуковых публікацый, вынікі даследаванняў выходзілі пераважна ў замежных выданнях. Новаспечанаму дырэктару здалося мала: у загадным ладзе дадзена ўстаноўка павялічыць колькасць публікацый у «Медыцынскім весніку», — кажа доктар-навуковец. 

«Ці варта тлумачыць, што ў навуцы важна не колькасць публікацый, а іх якасць, што такі падыход — абясцэньванне шматгадовай работы даследчыкаў?

Мне дакладна вядома аб шасці калегах, якія цяпер рыхтуюць дакументы на ад’езд і знаходзяцца ў пошуку навуковых пазіцый за мяжой. Адназначна, што наперадзе самая моцная хваля адтоку навуковых супрацоўнікаў пачынаючы з 2000-х. За 20 год сфарміраваліся дасведчаныя спецыялісты высокага ўзроўню, якія забяспечвалі падрыхтоўку маладых кадраў, але людзі не хочуць больш так працаваць». 

Незразумела, як змагацца з адтокам кадраў праз палітычны крызіс. Замежныя краіны ўдала карыстаюцца сітуацыяй у Беларусі, перацягваючы да сябе зорак у прыватныя цэнтры або сярэднячкоў, каб закрываць уласныя праблемы ў сістэме аховы здароўя.

У гэты ж час беларускія ўлады адмаўляюцца ад дыялогу з грамадствам і спрабуюць утрымаць кадры, адпраўляючы да іх кадэбістаў, «якія чыталі кнігі». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?