Фота Depositphotos.com
Пакуль што яго можна пакаштаваць толькі ў прыватным клубе, які прапануе нагетсы са штучнай кураціны за 23 даляры. Каля 200 чалавек ужо скарысталіся гэтай магчымасцю.
Кураціну для нагетсаў пастаўляе Eat Just Inc. — кампанія з Сан-Францыска, што пабудавала ў Сінгапуры сваю фабрыку і атрымала ад дзяржавы дазвол на выраб штучнага мяса.
Працэс вытворчасці мяса ўсё яшчэ звязаны з забойствам жывёл. Для вырошчвання штучнай кураціны выкарыстоўваецца пажыўны раствор, у складзе якога — атрыманая ад забітых рагатых жывёл бычыная сыроватка. Вытворцы сцвярджаюць, што яны стварылі раствор і без жывёльнага кампанента, але для яго выкарыстання патрэбны дазвол сінгапурскага ўрада, піша The Wall Street Journal.
Як мінімум 10 іншых кампаній таксама распрацоўваюць мяса з прабіркі самых розных відаў — ад мармуровай ялавічыны да ласося і мяса кенгуру. Некаторыя з іх нават атрымалі фінансавую падтрымку ў выглядзе інвестыцый ад вялікіх кампаній-пастаўшчыкоў мяса накшталт Tyson Foods і Cargill.
Кампаніі-ўдзельнікі даследаванняў кажуць пра тое, што ў штучнага мяса шмат пераваг.
Адна з іх заключаецца ў тым, што такое мяса магчыма атрымліваць у абмежаванай прасторы і ў закрытых памяшканнях.
Больш за тое, як у выпадку з сінгапурскай курацінай, мяса ў прабірцы вырошчваецца без выкарыстання антыбіётыкаў.
Да таго ж, штучнае мяса не патрабуе масавага вырошчвання жывёл з мэтай іх далейшага забойства.
Але нават сярод абаронцаў жывёлаў ёсць крытыкі новага прадукту. Некаторыя з іх асцерагаюцца таго, што праз штучнае мяса людзі яшчэ больш пераканаюцца ў тым, што мяса ім жыццёва неабходнае.