Свабода перасоўвання — адна з самых значных пераваг ЕС, якую вельмі цэняць грамадзяне былых камуністычных і дыктатарскіх краін, дзе трапіць за мяжу было праблемай. Аднак праблемай для многіх усходнееўрапейскіх краін стаў і адток мазгоў (і рук).

Насельніцтва Літвы праз эміграцыю і нізкую нараджальнасць скарацілася з 3,7 мільёнаў у 1990 годзе да 2,8 мільёнаў у 2019 годзе. Насельніцтва Беларусі таксама скарацілася з 10,3 мільёна ў 1993-м прыкладна на мільён. Каля двух мільёнаў палякаў, а гэта 5% насельніцтва, жывуць у іншых краінах Еўропы. Як правіла, гэта ўсе самыя працаздольныя людзі, паведамляе The Economist.

Вось жа, яшчэ да пандэміі міграцыя пачала мець адваротны характар. Людзі ва Усходнюю Еўропу сталі вяртацца.

Міграцыя ў любы пункт свету часта мае часовы характар. У Еўропе гэтаму спрыяюць некалькі фактараў.

Па-першае, скарачаецца эканамічны разрыў паміж Усходам і Захадам.

Да пандэміі ўзровень беспрацоўя ў Чэхіі складаў 2%, што з’яўляецца самым нізкім паказчыкам у ЕС, хаця на пачатку далучэння ў 2004 годзе беспрацоўе дасягала 9%. Розніца ў заробку яшчэ захоўваецца, але паступова скарачаецца.

У 2010 годзе румын, які пераязджаў у Італію, мог разлічваць на заробак у пяць разоў вышэйшы, чым на радзіме, а ў 2019 годзе — ужо толькі ў тры разы. Для высокакваліфікаваных спецыялістаў гэты разрыў яшчэ меншы. Да таго ж, румынскі ўрад вызваліў айцішнікаў ад падаходнага падатку, што робіць працу ў Бухарэсце яшчэ больш прывабнай.

Адваротнай міграцыі таксама паспрыяў каранавірус. Пакуль межы яшчэ былі адкрытыя на пачатку пандэміі, шмат людзей вырашылі хутчэй вярнуцца дадому, пакуль была магчымасць.

Прыкладна 1,3 мільёнаў румынаў вярнуліся на радзіму. Гэта колькасць у тры разы перавышае насельніцтва другога па велічыні горада Румыніі.

Каля 500 тысяч балгараў вярнуліся ў Балгарыю, што з’яўляецца вялізнай лічбай для сямімільённай краіны.

Упершыню за шмат гадоў колькасць тых, хто вяртаецца ў Літву, перавысіла колькасць тых, хто з’язджаў з краіны. Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў Польшчы.

Палітыкі з Усходняй Еўропы даўно ўздымаюць праблему «ўцечкі мазгоў», бо шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў з’язджалі на Захад у пошуках больш высокіх заробкаў. Аднак цяпер назіраецца адваротны працэс дзякуючы пандэміі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?