Кошт навучання ў БДУ будзе «скарэкціраваны ў сувязі з узрослымі выдаткамі на аплату працы, камунальнымі і іншымі выдаткамі», распавялі ў прэс-службе ВНУ. З якой даты і на колькі адсоткаў чакаецца павышэнне — пакуль невядома. У прэс-службе ўдакладнілі, што гэта адбудзецца «ў найбліжэйшы час». Год таму плата за два семестры вырасла на 400-500 рублёў.

Павышэнне кошту з 1 красавіка 2021 года плануецца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце — на 5 працэнтаў.

— Даплата да канца навучальнага года (за красавік, травень, чэрвень) на дзённым аддзяленні ў залежнасці ад спецыяльнасцяў у сярэднім складзе ад 23 да 46 рублёў, на завочным — ад 12 да 23 рублёў. Павышэнне кошту навучання звязанае з тым, што з 1 студзеня 2021 года павялічаная базавая стаўка са 185 да 195 рублёў (на 5,4%) і мінімальная заработная плата з 375 да 400 рублёў (на 6,7%), — падрабязна патлумачылі ў прэс-службе ўніверсітэта.

У сярэднім жа кошты павысяцца на 100-150 рублёў, вынікае з дакумента, які апублікаваны на тэлеграм-канале «Адлічана».

Да прыкладу, у пачатку 2020-2021 навучальнага года першакурснікі спецыяльнасцяў з вывучэннем замежнай мовы плацілі 2932 рублі, цяпер год навучання для іх будзе каштаваць 3078 рублёў. Рост — 146 рублёў.

Студэнты першага курса спецыяльнасці «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія» ў пачатку года плацілі 3080 рублёў, з 1 красавіка кошт для іх вырас да 3234 рублёў. Розніца складзе 154 рублі.

15 сакавіка рашэнне падняць кошт навучання прынялі і ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Інфармацыя пра гэта з'явілася на афіцыйным сайце вну. З 1 красавіка 2021 год навучання для першакурснікаў будзе каштаваць крыху больш за 2980 рублёў. У параўнанні з вераснем 2020-га кошт вырас на 139 рублёў (прыкладна на 5 адсоткаў).

Падаражэе навучанне і ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў рэктараце ВНУ. Калі вырасце кошт і на колькі — пазней гэтая інфармацыя з'явіцца на сайце БНТУ.

Апошні раз кошт навучання ў беларускіх ВНУ павышаўся год таму — у лютым-сакавіку 2020-га. Навучанне ў БДУ тады падаражэла ў сярэднім на 12 адсоткаў (прыкладна на 400-500 рублёў за год). Плаціць больш сталі і студэнты іншых ВНУ, напрыклад, БНУ, БДЭУ і Брэсцкага дзяржуніверсітэта. Тады кошты для іх паднялі на 5-12 адсоткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0