Зяць старшыні кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці застаўся без ліцэнзіі. «Народная Воля» пацікавілася ў Максіма Конана, ці мае ён намер абскардзіць рашэнне Мінюста.

— Праўда, што старшыня кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці — ваш цесць?

— З нагоды Старавойтава скажу шчыра: гэтая інфармацыя — сакрэт Полішынэля. Так, ён з'яўляецца бацькам маёй жонкі. Не ведаю, ці варта пра гэта пісаць…

Я на гэтыя абставіны не звяртаю ўвагі, проста хачу адзначыць, што канкрэтна па маім пытанні ён удзелу ў пасяджэнні камісіі не браў. Калі разглядалі маё пытанне, узначальваў камісію Віктар Чайчыц — ён з'яўляецца намеснікам старшыні гэтай камісіі.

Мікалай Старавойтаў. Фота Міністэрства юстыцыі. 

Мікалай Старавойтаў. Фота Міністэрства юстыцыі. 

— А Старавойтаў узяў самаадвод?

— Так. Але нават калі б ён там прысутнічаў, я ўсё роўна б яму адвод не заяўляў.

— На вашых сямейных адносінах гэтая сітуацыя не адбілася?

— Не. Усе рашэнні мы прымаем разам з жонкай, а таварыш Старавойтаў ніякага ўдзелу ў гэтым не бярэ.

— Я так разумею, што вы той чалавек, які стварыў адвакацкае бюро «Конан і партнёры»…

— Не зусім так. Мы стварылі гэтае адвакацкае бюро разам з маім былым партнёрам Алегам Вараксам, у якога спынілі дзеянне адвакацкай ліцэнзіі ў 2017 годзе. А астатнія партнёры, якія былі ў арганізацыі, з'яўляліся тэхнічнымі. Цяпер у арганізацыі застаецца тэхнічны партнёр, і ён будзе прымаць рашэнне, звязанае з дзейнасцю бюро, так як я пасля спынення дзеяння ліцэнзіі ніякіх рашэнняў у сілу дзейнага заканадаўства прымаць не змагу.

— А вы можаце застацца працаваць у бюро?

— Ёсць Палажэнне БРКА, якое забараняе адвакату, звольненаму па дыскрэдытуючых абставінах (а фармальна маё звальненне гучыць менавіта так), працаваць, у тым ліку на пасадзе памочніка адваката. Таму іншы ўдзел у працы бюро, напэўна, немагчымы. Быць сакратаром, памочнікам кіраўніка — гэта зусім не тое.

— Ліцэнзіі пазбаўляюць назаўжды ці ёсць нейкія тэрміны, пасля якіх яе можна вярнуць?

— У той фармулёўцы, у якой ліцэнзіі пазбавілі мяне і маіх калег, спынена дзеянне ліцэнзіі на тры гады. Зноў стаць адвакатам можна не раней чым праз тры гады. Але спачатку трэба будзе па-новаму прайсці стажыроўку, здаць экзамен, і толькі пасля гэтага зноў можна будзе стаць адвакатам.

— Вы думалі, чым будзеце займацца гэтыя тры гады, калі не атрымаецца адстаяць ліцэнзію?

— Скажу шчыра: у мяне пакуль няма ніякіх канкрэтных думак адносна таго, чым займацца. Хоць прапаноў за апошні час паступала даволі шмат. З іх хочацца выбраць аптымальнае. Я пакуль, напэўна, нейкі час адпачну, а затым, у залежнасці ад сітуацыі, разгледжу ўсе прапановы…

* * *

У кастрычніку суд Кастрычніцкага раёна прысудзіў Максіму Конану 12 дзён арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу каля гарадскога пляжа ў Браславе. Пра гэта адвакат даведаўся з лістоў, якія яго сваяк знайшоў у паштовай скрыні па месцы яго рэгістрацыі, дзе адвакат не жыве.

«Конан напісаў тлумачальную ў Мінскую калегію адвакатаў, патлумачыўшы, што ў Браславе ён не ўдзельнічаў у мітынгах, а ездзіў туды па даручэнні кліента, — паведамляў Tut.by. — 12 сутак Максім Конан адседзеў у лістападзе. У верасні Максім Конан выступіў на сустрэчы, якую праводзіў дэпутат Валерый Варанецкі са сваімі выбаршчыкамі. Тады юрыст заявіў, што недастаткова распачаць справу за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, павінна быць распачата справа па артыкуле, па якім у нас ніколі яшчэ не было спраў, — артыкул 128 Крымінальнага кодэкса — злачынствы супраць бяспекі чалавецтва, паколькі гаворка ідзе аб катаваннях з палітычных меркаванняў».

Як у выніку паведаміў Мінюст, дзеянне ліцэнзій на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, выдадзеных Людміле Казак, Міхаілу Кірылюку, Максіму Конану і Канстанціну Міхелю, спынена з 24 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?