Ціханоўская выступіла на анлайн-слуханнях Кангрэса ЗША. Вось што яна расказала
У Камітэце па міжнародных адносінах Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адбыліся слуханьні ў пытаньні дэмакратычнага руху ў Беларусі і лідэрства жанчын. На онлайн-слуханьнях у якасьці сьведкі выступіла Сьвятлана Ціханоўская, а правёў іх кангрэсмэн Біл Кітынг, кіраўнік падкамітэту па Эўропе, энэргетыцы, навакольным асяродзьдзі і кібэрбясьпецы, паведамляе «Радыё Свабода».
Кангрэсмэн Кітынг нагадаў абставіны выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году. Ён адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка відавочна прайграў выбары і ўжыў брутальныя рэпрэсіі, каб утрымацца ва ўладзе. Кітынг падкрэсьліў важную ролю, якую адгрываюць беларускія жанчыны, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская, у змаганьні з дыктатурай.
Кітынг нагадаў тыя крокі, якія зрабілі ЗША ў падтрымку дэмакратычнага руху ў Беларусі, у прыватнасьці прыняты Кангрэсам «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі». Ён падкрэсьліў, што асноўную працу для дэмакратызацыі Беларусі робяць людзі ў самой краіне, а таксама беларуская дыяспара па ўсім сьвеце.
Аўтар «Акту аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт адзначыў, што Расея глядзіць на Беларусь з тымі ж намерамі, зь якімі глядзела на Крым і Ўкраіну.
Сьміт згадаў шматлікія палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць беларускіх жанчын.
Сьвятлана Ціханоўская пачала свой выступ з таго, што хоча даць голас тым беларусам, якія дагэтуль працягваюць пратэставаць. Яна падкрэсьліла, што ніводны прадстаўнік рэжыму не панёс адказнасьці за злачынствы, пры тым што загінулі ня менш за 8 удзельнікаў пратэстаў. У прыватнасьці, яна расказала пра забітага сілавікамі Аляксандра Тарайкоўскага.
Ціханоўская расказала пра ўдзельніц пратэсту, назваўшы Ніну Багінскую, Вольгу Хіжынкову і Алену Леўчанку, і пра тое, як яны пацярпелі ад рэжыму.
Яна таксама расказала пра журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову, зьняволеных за сваю працу.
«Людзі пакутуюць і паміраюць проста цяпер. Беларусы патрабуюць вашай дапамогі, як ніколі раней», — завяршыла Ціханоўская свой выступ.
Адказваючы на пытаньні кангрэсмэнаў, Ціханоўская падкрэсьліла, што Беларусі трэба новыя свабодныя і справядлівыя выбары. Нягледзячы на беспрэцэндэнтны ўзровень гвалту з боку ўлады, людзі працягваюць змагацца, але ім трэба міжнародная дапамога і міжнародны ціск на рэжым, сказала Ціханоўская.
Ціханоўская таксама расказала, што яна штодня камунікуе зь людзьмі ўнутры Беларусі.
Адказваючы на пытаньне кангрэсмэна Сьміта, Ціханоўская заклікала да большага ціску і да мацнейшых санкцый супраць рэжыму. Яна прапанавала пашырыць сьпісы для пэрсанальных санкцый, найперш за кошт сілавікоў, а таксама ўвесьці санкцыі супраць кампаній, ад якіх Лукашэнка атрымлівае грошы.
Яна заклікала амэрыканскіх кангрэсмэнаў патрабаваць вызваленьня зьняволеных журналістаў, падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, беларускія дэмакратычныя каналы на Youtube і Telegram, а таксама мэдыі, якія працуюць у Беларусі.
Ціханоўская выказалася за тое, каб амбасадарка ЗША Джулі Фішэр прыехала ў Беларусь і паспрабавала наведаць палітвязьняў і палітычныя суды, каб на свае вочы пабачыць нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня і адсутнасьць закону. Пры гэтым, аднак, вельмі важна, каб Фішэр не ўручала даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку, каб ніякім чынам не спрыяць уражаньню, што той — легітымны кіраўнік, сказала Ціханоўская.
Паводле Ціханоўскай, беларусы гатовыя падтрымаць новыя санкцыі супраць рэжыму, нават калі гэта адаб'ецца на іх уласным дабрабыце, бо яны пакутуюць ад дзеяньняў рэжыму.