Іван Дацышын. Фота: асабісты архіў бацькоў

Іван Дацышын. Фота: асабісты архіў бацькоў

Справа тычылася падзей у ноч на 12 жніўня на праспекце Дзяржынскага каля парку імя Паўлава.

21-гадовы хлопец — студэнт чацвёртага курса факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ. Справу разгледзела суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымаў пракурор Валеры Гадуноў. Іван Дацышын цалкам прызнаў віну.

Чытайце таксама:
Студэнт прызнаў віну, але супрацоўнікі ўпэўненыя, што пацярпелі не ад яго

Сведка Дзмітрый Тарасаў — кіроўца аўтобуса, які ў той дзень пашкодзілі. У момант здарэння ён знаходзіўся ў салоне. Дзмітрый Мікалаевіч распавёў, што ён ездзіў па праспекце Дзяржынскага, калі спыніўся каля прыпынку ля парку Паўлава, адчыніў дзверы, усе супрацоўнікі выбеглі. 

На прыпынку, расказаў Дзмітры Тарасаў, людзі чакалі транспарт: яны не паводзілі сябе агрэсіўна. За прыпынкам таксама стаялі людзі — каля дзвюх тысяч чалавек, якія стаялі і шумелі. Па сведчаннях Тарасава, супрацоўнікі выбеглі і адразу пачалі затрымліваць людзей, ён не чуў ніякіх тлумачэнняў з іх боку. І хаця першапачаткова на этапе следства кіроўца казаў пра агрэсію людзей, якія знаходзіліся на прыпынку, на судзе ён прызнаў, што ў той момант многае дадумаў.

На пасяджэнні выступіў намеснік дэканаа БДУ Алег Людчык, дзе вучыцца Іван Дацышын. Ён і кафедра характарызавалі студэнта як станоўчага. Таксама ён распавёў, што на факультэце дапамагаюць студэнтам, якія «спатыкнуліся» і «трапілі ў разнастайныя сітуацыі». І калі Іван атрымае рэальны тэрмін, яны дапамогуць яму скончыць ВНУ дыстанцыйна.

Станоўча характарызаваў Івана і яго 65-гадовы сусед. Ён распавёў, што ведае абвінавачанага практычна ад нараджэння: ён даглядае пляменнікаў, дапамагае сваім бабулям, адна з якіх перажыла раскулачванне і акупацыю. Таксама сусед распавёў, што Ваня займаецца танцамі: яны разам з партнёршай былі чэмпіёнамі Беларусі сярод юніёраў.

У матэрыялах справы прагледзелі расшыфроўкі размоў са сваякамі, падчас якіх ён абмяркоўваў пратэсты, на якія хадзіў.

У апошнім слове Іван Дацышын параўнаў знаходжанне ў СІЗА з дзіцячым лагерам. Распавёў, што калі падпрацоўваў у дзіцячым лагеры, саджаў двух дзяцей, якія не ладзяць паміж сабой, у адзін пакой і даваў ім агульнае заданне: падрыхтаваць песню да конкурсу. Пасля гэтага яны пачыналі ладзіць. Шмат чаму Івана навучыла і знаходжанне ў СІЗА: ён абяцаў больш не паўтараць памылак, якія зрабіў.

Пракурор запрасіў чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: суддзя Таццяна Пірожнікава вынесла менавіта такі прысуд. Кампенсацыю 340 рублёў 84 капейкі аўтапарку ўжо пакрылі. Таксама Дацышын мусіць пакрыць судовыя выдаткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0