У Жодзіне раніцай 18 сакавіка знікла вада. Чытачы EX-PRESS.BY паведамляюць, што каля 9 раніцы з кранаў пайшла брудная вада, пасля чаго знікла зусім.

— Сёння а 9:00 адбылася аварыя на электрасетках, — паведамляе telegram-канал «Жодзінскія Навіны» са спасылкай на РЭС. — Адбылося адключэнне размеркавальнага пункта на падстанцыі БелАЗа, якая сілкуе большую частку горада, у тым ліку і водазабор «Паўночны».

Зараз ліквідуюць аварыю. Барысаўскія ратавальнікі дадуць дызель-генератар магутнасцю 300 кВт для аднаўлення працы водазабору.

Галоўны доктар жодзінскага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сяргей Канавалаў накіраваў дырэктару камбіната грамадскага харчавання Яўгену Лобану і кіраўнікам аб'ектаў грамадскага харчавання і гандлю Жодзіна ліст з паметкай «вельмі тэрмінова».

У лісце гаворыцца: «Усе ўстановы адукацыі, у тым ліку харчблокі, аб'екты грамадскага харчавання, гандлю неабходна забяспечыць бутыляванай вадой для арганізацыі пітнога рэжыму, гатавання ежы. Харчаванне дзяцей і наведвальнікаў ажыццяўляць з аднаразовага посуду альбо арганізаваць харчаванне сухім пайком. Выкарыстанне вады з цэнтралізаваных сетак водазабеспячэння не рэкамендавана да атрымання здавальняючых вынікаў лабараторных даследаванняў вады».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0