Фота Depositphotos.com
Калі навукоўцы пачыналі распрацоўваць тэхналогію вырошчвання органаў, яны пачалі з кішачніка. Даследчыкі ўзялі стваловыя клеткі ўнутранай абалонкі кішачніка і з дапамогай бялкоў, якія называюць фактарамі росту, пачалі стымуляваць рост клетак. У выніку атрымаўся міні-орган, які меў усе клеткі, неабходныя для стрававання.
Гэта было яшчэ ў 2009 годзе. З таго часу навукоўцы вырасцілі міні-версіі печані, падстраўнікавай залозы і нават атрутныя залозы змей. А летась даследчыкі вырашылі працаваць над слёзнымі залозамі, паведамляе The Guardian.
Слёзныя залозы выпрацоўваюць вадкасць, якая абараняе вочы ад раздражняльніка і інфекцый. Залозы пачынаюць выпрацоўваць слёзы, калі рэагуюць на адрэналін.
Пасля паспяховага вырошчвання слёзных залоз мышэй даследчыкі ўзялі частку чалавечай тканкі. Калі міні-органы атрымлівалі фактары росту, яны амаль не рэагавалі на адрэналін і таму не выпрацоўвалі слёзы. Аднак пасля таго, як навукоўцы спынялі рост клетак, адрэналін хутка пачаў выклікаць слёзы з вырашчаных залоз.
Гэта мадэль мае пэўныя абмежаванні. Такія залозы не з’яўляюцца часткай чалавечага цела, таму адсутнічаюць мышцы і крывяносныя сасуды, што абмяжоўвае іх функцыянаванне.
Аднак такую мадэль могуць выкарыстоўваць даследчыкі, каб выпрабоўваць лекі супраць парушэнняў і захворванняў, звязаных са слязамі. Таксама аўтары мяркуюць, што вырашчаныя залозы можна будзе ў будучыні трансплантаваць тым людзям, у якіх яны не функцыянуюць.





