У судзе Заводскага раёна Мінска 19 сакавіка абвясцілі прысуд 23-гадоваму інжынеру Мікіту Кочуру, абвінавачанаму па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (Супраціў супрацоўніку міліцыі пры выкананні, спалучанае з прымяненнем гвалту). Суддзя Анжэла Касцюкевіч прызнала Кочура вінаватым і прысудзіла яму 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Напярэдадні пракурор Вольга Дзіндзілевіч запрасіла для яго менавіта такое пакаранне, паведамляюць праваабаронцы.

Увечары 11 жніўня, калі ў Мінску праходзілі акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, Мікіта Кочур сустрэўся з братам і ягонай жонкай на вуліцы Някрасава, каб паказаць нядаўна набыты матацыкл. Брат Кочура з жонкай і дзецьмі прыехалі на машыне, прыпаркавалі яе побач. Двое дзяцей засталіся сядзець у машыне, а дарослыя размаўлялі побач каля матацыкла. Затым да іх пад'ехала міліцыя, супрацоўнікі ДАІ падышлі да Кочура і сталі патрабаваць у яго дакументы. Кочур, у сваю чаргу, папрасіў супрацоўнікаў прадставіцца і паказаць службовыя пасведчанні. У выніку Мікіту сцягнулі з матацыкла, павалілі на зямлю, збілі дубінкамі і затым павезлі ў РУУС.

Пазней на Мікіту Кочура завялі крымінальную справу па ч.2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (Супраціў супрацоўнікам міліцыі пры выкананні, спалучанае з прымяненнем гвалту). 20 лістапада яго ўзялі пад варту. Пацярпелымі па крымінальнай справе былі прызнаныя начальнік УУС Савецкага раёна Сяргей Каліннік, старшы інспектар ДАІ Савецкага раёна Яўген Крыварот, супрацоўнікі міліцыі Невяровіч і Надзёжны.

Згодна з прад'яўленым абвінавачаннем, па патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі Кочур адмовіўся прад'явіць дакументы і падаць да агляду транспартны сродак (матацыкл «Хонда»), таксама адмовіўся прайсці ў Савецкае РУУС для высвятлення асобы. Замест гэтага ён аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі - штурхаў і наносіў удары, парваў аднаму з іх кашулю. А палкоўнік Сяргей Каліннік ўпаў ад штуршка Качура і атрымаў траўму локця.

Мікіта Кочур сваёй віны ў злачынстве не прызнаў.

Пасля даследавання матэрыялаў справы пракурор Вольга Дзіндзілевіч запрасіла для Кочура чатыры гады калоніі, лічачы яго віну цалкам даказанай. Суддзя Анжэла Касцюкевіч вынесла менавіта такое рашэнне. Таксама па рашэнні суда Кочур павінен выплаціць пацярпеламу Калінніку 7500 рублёў кампенсацыі, а таксама пакрыць працэсуальныя выдаткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0