Прысуд вынес суддзя Алег Каляда. Дзяржабвінавачанне падтрымала памочнік пракурора Заводзскага раёна Качанава. Адвакат абвінавачанага — Сяргей Сліжык.

«Ажыццяўляў гучныя воплескі рукамі»

Згодна з пазіцыяй абвінавачання, 30 жніўня Курганаў «прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў». Таксама ён «груба парушыў грамадскі парадак» і «аказаў відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрцоўнікаў у форме». Таксама абвінавачанне агучыла, што Яўген перашкаджаў руху грамадскага транспарту, бо «знаходзіўся на праезнай часткі ў першых шэрагах пратэстоўцаў, выкрыкваў лозунгі і ажыццяўляў гучныя воплескі рукамі».

«Праяўляў цікаўнасць»

Ён распавёў, што 30 жніўня быў у Мінску з сям'ёй — сынам і жонкай, — каб наведаць парк Горкага. Праз спынененне руху метро яны прайшліся пешшу да плошчы Перамогі. Яны працягвалі шпацыр разам да Зыбіцкай, дзе муж і жонка пасварыліся: Яўген адзін накіраваўся да ГЦ «Галерэя», убачыў натоўп людзей з сімволікай і пайшоў па тратуары. У Стэлы ён зняў відэа з калючым дротам, каля Палаца Незалежнасці сфатаграфаваўся на фоне аўтамабілей «Рубеж», у адкрытых крыніцах ён не публікаваў здымкі. 

Таксама ён патлумачыў, што каля Стэлы чуў аб'яву праз гучнагаварыцель ад супрацоўнікаў міліцыі, што мерапрыемства незаконнае, але не мог выказаць здагадку, што за мірную акцыю, якая не перарасла ў беспарадкі, будзе такая суровая адказнасць у выглядзе крымінальнай справы. Ён быў без сімволікі, не выкрыкваў лозунгі, а проста праяўляў цікаўнасць. Таксама ён запэўніў, што не бачыў у СМІ інфармацыю, што 30 жніўня забаронена выходзіць на вуліцы Мінска праз несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

Палітвязень таксама распавеў, што не перакрываў дарогу, а выйшаў на праезную частку, толькі калі ўпэўніўся, што дарога ўжо перакрытая «Рубежом», і яму нічога не пагражае.

Другі нік у тэлеграм?

Памочнік пракурора Качанава зачытала, што ў тэлеграм-канале «Аддзел грамадзянскай самааховы Беларусі» восьмага верасня быў зарэгістраваны акаўнт «IvanForestHuman», прывязаны да тэлефоннага нумара абвінавачанага. Карыстальнік з такім нікам «пісаў паведамленні з заклікамі да безгвалтоўнага захопу дзяржаўных будынкаў, распавядаў як правільна аформіць паляўнічую ліцэнзію, заклікаў баніць іншых удзельнікаў канала».

Яўген Курганаў адзначыў, што зарэгістраваны ў тэлеграм пад сваім імем і прозвішчам. Ніякіх доказаў сувязі нумара з яго тэлефонам не было прад'яўлена, паведамленні на тэлефоне таксама не былі выяўленыя: толькі фотаздымкі і кароткія відэазапісы са Стэлы і «Рубежа».

Білінг тэлефона абвінавачанага даказаў, што ён рухаўся апісаным ім маршрутам.

Пазоў на амаль дзесяць тысяч рублёў

Таксама абвінавачанаму быў заяўлены пазоў ад «Мінсктранса» у памеры 9 тысяч 481 рубель і 10 капеек. Адвакат запрасіў выклікаць супрацоўніка, які мог бы патлумачыць разлікі. Прадстаўнік арганізацыі юрысконсульт Рыбак Н.Ю. патлумачыла, што супрацоўнік, які праводзіў разлікі, зараз у адпачынку. Сяргей Сліжык зрабіў заўвагу юрысконсульту: паколькі гэта яе зона адказнасці, прававое вытлумачэнне павінна была складаць менавіта яна. Але пазоў рыхтавала пракуратура: ёй «пытанні задаваць нельга».

Два гады «калоніі»

Бок абвінавачання ўпэўнены, што віна Яўгена Курганава поўнасцю даказаная. Як доказ выкарыстоўваецца рапарт начальніка аддзела ГУБАЗік, у якім паведамляецца, што ўстаноўленая сувязь паміж акаўнтам «IvanForestHuman» і тэлефонам абвінавачанага. Таксама на тэлефоне абвінавачанага выяўленыя відэа, дзе ён рухаецца ў арганізаванай групе асоб па праезнай частцы, што «прывяло да прыпынку руху грамадскага транспарту» і кваліфікуецца як «блакаванне дарогі». Са змякчальных абставінаў Качанава адзначыла наяўнасць малалетняга дзіцяці і папрасіла пакараць Курганава пазбаўленнем волі на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.

«Дарога ўжо была перакрытая»

Адвакат Сяргей Сліжык адзначыў, што акаўнт, які быў зарэгістраваны ў тэлеграм толькі 8 верасня, нельга разглядаць як доказ віны за падзеі 30 жніўня. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што не была даказаная сувязь тэлефона абвінавачанага з гэтым акаўнтам, таму яго паведамленні не датычацца справы.

Таксама ён звярнуў увагу, што пры дачы тлумачэнняў абвінавачаным і вывучэнні матэрыялаў справы не было прадастаўлена ні аднаго доказа, што Яўген Курганаў — арганізатар чаго-небудзь. Хаця гэта вынікае з фармуліроўкі артыкула, які яму інкрымінуецца. «Калі паглядзець відэа з яго тэлефона, мы ўбачым звычайнага разяваку, як правільна адзначыў суд», — адзначыў адвакат.

Ён адзначыў, што сярод доказаў — мабільны тэлефон абвінавачанага, некалькі здымкаў, маршрут руху. «Што тут можна яшчэ прад'явіць? — Нічога», — мяркуе абаронца. Сяргей Сліжык упэўнены, што віны ў аб'ёме, пазначанай абвінавачаннем, у палітвязня няма.

Таксама адвакат прасіў улічыць, што галоўным пасылам вынясення пакарання, з'яўляецца перавыхаванне чалавека. І што чалавек ужо правёў 6 месяцаў у СІЗА, каб усвядоміць усю віну, а адзінай віной даказанай абвінаваўцам, з'яўляецца «непадпарадкаванне»: абвінавачаны за гэты тэрмін ужо ўсвядоміў, што трэба «слухацца людзей у форме».

Палітвязень ў апошнім слове сказаў, што выйшаў у горад і удзельнічаў ў мірным шэсці, дарогу не блакаваў: яна ўжо была перакрытая.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?