Пачобута пасля ператрусу забралі на допыт, яму дазволілі з сабой сабраць рэчы. Было незразумела, ці Андрэй будзе змешчаны пад варту ў рамках крымінальнай справы, ці адміністрацыйнай, як старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс (асуджаная на 15 сутак), ці яго вызваляць.

Пасля публікацыі гэтага артыкула ўвечары стала вядома, што Пачобута даставілі ў Цэнтральны апарат СК у Мінску. Ён затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы.

«Наша Ніва» ўспамінае, хто такі Андрэй Пачобут. Гэта дастаткова яркая і неардынарная для Беларусі асоба.

Андрэй Пачобут. Фота з фэйсбука

Андрэй Пачобут. Фота з фэйсбука

Андрэй Пачобут нарадзіўся ў 1973 годзе ў мястэчку Вялікая Бераставіца, на самай мяжы з Польшчай. Але дастаткова хутка сям’я пераехала ў Гродна. Бацькі працавалі настаўнікамі: Ванда Андрэеўна выкладала хімію, Станіслаў Іосіфавіч — фізкультуру і працу.

Бацька ўсё жыццё цікавіўся гісторыяй свайго рэгіёна, Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў, месцаў, дзе перасякаюцца Нёман і Свіслач. Ён папрацаваў журналістам на Сахаліне, у іншых рэгіёнах Расіі.

«У мяне такая разумная жонка — хімік, я заўсёды ёй зайздросціў, а я проста пісака. Таму і марыў, каб Андрэй стаў эканамістам ці інжынерам, але ён выбраў шлях журналіста. Сын вучыўся добра і ў школе, і ва ўніверсітэце. Паступіў на юрыдычны факультэт у Гродне. Ледзь-ледзь яму не хапіла, каб атрымаць «чырвоны дыплом», толькі ў апошні экзамен яму паставілі «чатыры», і тое гэта было не праз веды, а праз паводзіны. Потым ён спрабаваў трапіць у адвакатуру. Не ўзялі. Біўся лбом аб сценку, але нічога не дало», — расказвае спадар Станіслаў.

Станіслаў Пачобут. Фота з livejournal

Станіслаў Пачобут. Фота з livejournal

«Андрэй з дзяцінства адчувальны да справядлівасці. Ён заўсёды баіцца кагосьці пакрыўдзіць, таму кар’ера — гэта не пра яго. Ён заўсёды любіў чытаць кніжкі, увесь час у бібліятэках бавіў», — дзеліцца тата нашага героя.

У пачатку 1990-х Андрэй разам са сваім малодшым братам Стасам засноўвае гурт Deviation. Гурт мае выразна анархічную афарбоўку, чаго вартыя толькі назвы песняў «Забі мяне, мент», «Тэлепузік Лу-Лу». Гурт спяваў у асноўным па-беларуску. Стас быў франтмэнам гурта, а Андрэй — бас-гітарыстам.

Стас і Андрэй Пачобуты на «Басовішчы-1997». Фота baj.by

Стас і Андрэй Пачобуты на «Басовішчы-1997». Фота baj.by

«Я несур’ёзна да гэтага паставіўся. Мне мядзведзь на вуха наступіў, ды і жонка ў мяне на баяне не грае», — смяецца Станіслаў Іосіфавіч. Андрэй дастаткова хутка завязаў з музыкай, а вось Стас працягвае граць на гітары па сёння, цяпер ён жыве ў Санкт-Пецярбургу.

Андрэй пісаў вершы па-беларуску, хаця бацька кажа, што і не памятае такога. «Малодшы дык пастаянна ўсё напаказ дэманстраваў», — гаворыць Пачобут-старэйшы.

Вось адзін з вершаў Андрэя Пачобута, на музыку яго паклаў Алесь Дзянісаў з гурта «Дзецюкі»:

Зброя

Надзеі няма, як ніколі.
Навокал пакора і палон.
Але захвалася зброя,
І вусны ўсё шэпчуць праклён.

Са зброяй у руках!
Са зброяй!
Са зброяй у руках!
Са зброяй

Зрабіць гэты крок — вось мара!
І першым націснуць на спуск.
Адзін раз не быць ахвярай.
Адзін раз пазбегнуць пакут.

Што будзе потым — усё роўна,
Што потым — гэта лухта!
І смерць — як узнагарода.
Не скончыцца барацьба!

У 1990-я Пачобут шмат камунікуе з беларускімі арганізацыямі, ён часты госць на тусоўках БНФ і «Маладога фронту», але да гэтых арганізацый ён не далучаўся. Больш за тое, Пачобут становіцца заўважнай асобай у Канфедэрацыі дзеючых суполак «Разам», якая аб’яднала анархістаў, зялёных, эколагаў. Дарэчы, праз «Разам» прайшоў ужо згаданы лідар «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў.

Злева направа: Андрэй Пачобут, Ігар Банцар, Алесь Зарамбюк. Фота baj.by

Злева направа: Андрэй Пачобут, Ігар Банцар, Алесь Зарамбюк. Фота baj.by

«Андрэй часта заходзіў у рэдакцыю газеты «Пагоня», дзе я працаваў, — кажа журналіст Анджэй Пісальнік. — Так мы і пасябравалі. Потым працавалі разам у выданні «Дзень», якую выдаваў нядоўгі час Мікола Маркевіч. Здаецца, у 2005 годзе нам прапанавалі займацца выданнямі польскай меншасці «Глосам з-над Немна» і «Магазінам Польскім». Я стаў рэдактарам першага, а Андрэй — другога. У Саюзе палякаў мы з пачатку 90-х».

«У сям’і мы заўсёды размаўлялі па-польску. Плюс было польскае тэлебачанне, таму Андрэй добра ведаў польскую мову, глядзеў жа «Пчолку Маю», «Лёлека і Болека». У нашым рэгіёне ўсё так намяшана, што цяжка сказаць, хто паляк, хто беларус. Для мяне гэта ўсё адно. Усе павінны быць на роўных», — кажа бацька.

Свой род сям’я Андрэя Пачобута выводзіць ад вядомага роду Пачобутаў-Адляніцкіх, у сям’і вісіць вялікае генеалагічнае дрэва.

Калі Андрэй актыўнічаў у Саюзе палякаў, то ціск уладаў на яго толькі ўзмоцніўся. Былі шматлікія затрыманні, арышты, ператрусы. Андрэй Пачобут прайшоў праз крымінальны пераслед за паклёп на прэзідэнта.

У красавіку 2011 года на Андрэя Пачобута завялі адразу дзве крымінальныя справы — «Абраза прэзідэнта» і «Паклёп на прэзідэнта». Гэтыя артыкулы крымінальнага кодэкса (368 і 367) праваабаронцы часта называлі сярод тых, якія варта дэкрыміналізаваць, адмяніўшы за іх крымінальную адказнасць. Што тычыцца той справы Пачобута, то ён правёў у СІЗА два месяцы, пасля чаго быў асуджаны да трох гадоў з адтэрміноўкай. Праз год на журналіста завялі яшчэ адну крымінальную справу па абразе Аляксандра Лукашэнкі, але яна так і не дайшла да суда і была спыненая за адсутнасцю складу злачынства. За час знаходжання ў турме журналіст страціў больш за 20 кілаграмаў вагі.

«Чаму Андрэя Пачобута трымаюць за кратамі? Таму што ўлады ў Мінску баяцца ягонай адвагі, нязломнасці і цвярозай ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, якую выказваў на старонках «Газеты», — гаварылася ў рэдакцыйным матэрыяле польскай «Газеты выборчай», з якой у той час супрацоўнічаў Пачобут.

Кажуць, што падчас спаткання з сынам у турме бацька Станіслаў прасіў сына не звяртацца да ўладаў з просьбай аб памілаванні, як гэта рабілі тады многія палітыкі.

«Ягоны інтарэс як гісторыка — гэта Другая сусветная вайна і пасляваенная польская партызанка. Гэта ведаюць усе. Гэта яго хобі. Калісьці Андрэй вельмі годна прайшоў праз турэмнае выпрабаванне, спадзяёмся, і гэтым разам ён будзе весці сябе годна», — кажа Анджэй Пісальнік. Яшчэ адным хобі Пачобута з’яўляюцца шахматы, ён кандыдат у майстры спорта.

Андрэй Пачобут жанаты, гадуе сына Яраслава і дачку Яну. З жонкай Аксанай ён знаёмы яшчэ са старэйшых класаў школы. «Ён адналюб, ніколі не помню, каб ён мог пашкадаваць за свой выбар. Аксана — беларуска, выпускніца беларускай філалогіі. Гэта паказвае, што нацыянальнае не настолькі для нас важнае, што мы можам ствараць сем’і не толькі з полькамі», — расказвае бацька.

Аксана Пачобут. Фота»Радыё Свабода»

Аксана Пачобут. Фота»Радыё Свабода»

«Калі б толькі Андрэй захацеў, то адразу б з’ехаў у Польшчу. Знайшліся б і людзі, і цэлыя арганізацыі, якія б яго падтрымалі, але ён ніколі гэтага не хацеў», — кажа Пісальнік.

«Нават я казаў: ды кінь ты ўсё, з’язджай. «Мне там няма чаго рабіць», — адказваў сын», — гаворыць Станіслаў Пачобут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?