Магілёўскую журналістку Аліну Скрабунову будуць судзіць за інтэрв'ю, якое яна дала польскаму тэлеканалу «Белсат» пасля ператрусу ў яе кватэры, паведамляе БАЖ. 

Супрацоўнікі міліцыі палічылі інтэрв'ю прадукцыяй СМІ і склалі ў дачыненні да Скрабуновай адміністрацыйны пратакол.

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Вольга Краўчанка прыняла да разгляду пратакол, складзены маёрам міліцыі Васілём Карніенкам у дачыненні да Аліны Скрабуновай 22 сакавіка. Да гэтага суддзя адправіла на дапрацоўку аналагічны пратакол гэтага ж міліцыянта, складзены 10 сакавіка. Прычынай вяртання стала тое, што Карніенка не ўказаў найменне прадукцыі СМІ, якую нібыта незаконна вырабіла Скрабунова. У новым пратаколе пазначаная назва сюжэту ў навінавым выпуску «Белсата» — «Пераслед журналістаў у Магілёве».

У інтэрв'ю, якое доўжылася каля хвіліны, Скрабунова распавяла пра ператрус, які правялі міліцыянты ў яе кватэры 5 сакавіка. Тады ў журналісткі забралі ўсю тэхніку: сістэмны блок камп'ютар, два ноўтбукі, дзве відэакамеры, тэлефоны, флэш-назапашвальнікі і г. д.

Судовае пасяджэнне прызначана на 31 сакавіка.

З 7 сакавіка Скрабунова знаходзіцца за межамі Беларусі, але яе працягваюць караць штрафамі.

Нягледзячы на гэта, толькі ў сакавіку журналістка была аштрафаваная дзесяць разоў паводле абвінавачвання ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (ч. 3 арт. 23.5 КаАП). Агульная сума штрафаў склала 7540 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0