Браты Сяргей і Іван Брусавы 27 сакавіка вярталіся дадому па праспекце Незалежнасці. Міма праязджала ваенная тэхніка, якую яны вырашылі сфатаграфаваць. Суду Іван растлумачыў, што тэхніку яны здымалі, бо яна ім спадабалася. Аб гэтым сведчыць і відэа, якое яны запісалі. Фатаграфаванне заўважылі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі іх, паведамляюць праваабаронцы.

У Першамайскім РУУСе на братоў склалі адразу па два пратаколы: па арт. 24.23 і 24.3 КаАП — гэта «мітынг» і «непадпарадкаванне».

На судзе браты прасілі не караць іх суткамі, бо іх маці нядаўна перанесла інсульт, ёй патрабуецца дапамога. Вырак суддзі Максіма Трусевіча — па 30 сутак кожнаму.

41-гадовы Сяргей Брусаў

41-гадовы Сяргей Брусаў

32-гадовы Іван Брусаў

32-гадовы Іван Брусаў

«Наша Ніва» звязалася з Таццянай Іванаўнай, мамай братоў. Жанчына не ведае падрабязнасцяў затрымання — кажа са слоў дзяўчыны аднаго з сыноў, што яны выйшлі ў краму, пасля чаго зніклі.

Пра затрыманне сыноў і суд жанчына ўвогуле не ведала — даведалася ад журналістаў.

Таццяна Іванаўна распавяла пра сыноў: абодва зарабляюць на жыццё халтурамі, падпрацоўваюць у прыватнікаў. Абодва разведзеныя, абодва маюць судзімасці за бойкі. Па словах маці, Брусавы палітыкай асабліва не цікавіліся, у мітынгах і акцыях не ўдзельнічалі. Раней за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах братоў не затрымлівалі.

Таксама Таццяна Іванаўна пацвердзіла, што сапраўды нядаўна перанесла інсульт — цяпер не выходзіць з кватэры. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?