Балгарскі ўрад абнародаваў відэаздымку, дзе адзін з чыноўнікаў Міністэрства абароны Балгарыі фатаграфуе ў сваім працоўным камп’ютары сакрэтныя вайсковыя дакументы з інфармацыяй пра знішчальнікі F-16. Гэтыя фотаздымкі чыноўнік збіраўся перадаць кіраўніку расійскай шпіёнскай групоўкі.

Пракуратуры ўдалося перахапіць размову меркаванага каардынатара шпіёнскай групоўкі і балгарскага чыноўніка: «Мінулы раз вы перадалі аж чатыры падборкі. Я бачыў, што на флэшцы. Карысны матэрыял».

Пракуратура арыштавала пяць мужчын і адну жанчыну, якіх абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Расіі. Адзначаецца, што гэта найвялікшае выкрыццё шпіёнаў у Балгарыі з часоў халоднай вайны.

Расія карыстаецца сваімі даўнімі сувязямі з некаторымі членамі НАТА і ЕС, каб ствараць у гэтых краінах шпіёнскія сеткі і атрымліваць сакрэтную інфармацыю. Былая камуністычная Балгарыя калісьці была надзейным саюзнікам СССР, аднак у 2004 годзе ўступіла ў НАТА, а ў 2007 — у ЕС. Але дзякуючы эканамічным сувязям і адносінам балгарскіх палітыкаў, бізнэсменаў і кіраўнікоў спецслужбаў з Масквой, Расія да гэтага часу мае ўплыў на ўнутраныя справы і разведвальныя службы балканскай дзяржавы, піша The Wall Street Journal.

Апублікаваныя пракуратурай матэрыялы паказваюць, што ў эпоху развітага кібершпіянажу Масква па-ранейшаму выкарыстоўвае агентуру.

«Расія па-майстэрску выкарыстоўвае былыя сеткі спецслужбаў, якія дзейнічаюць нават праз трыццаць гадоў пасля падзення камуністычнага рэжыму», — адзначае Марцін Уладзіміраў (Martin Vladimirov), старшы аналітык Сафійскага аналітычнага цэнтра па вывучэнні дэмакратыі.

Судова-медыцынскія доказы, сярод якіх аўдыязапісы, відэаздымка і дакументы, дэталёва паказваюць расійскую шпіёнскую дзейнасць. На адным відэа падазраваны ў шпіянажы лічыць за працоўным сталом заплачаныя яму даляры. У другім відэа падазраваныя сустракаюцца ўвечары на тэнісным корце для перадачы інфармацыі. У іншых матэрыялах лідар групоўкі (балгарскія следчыя называюць яго «Рэзідэнт») дае інструкцыі, як маскіраваць шпіёнскае абсталяванне пад падарунак.

У шпіянажы была таксама задзейнічаная жонка кіраўніка, якая мае двайное балгарскае і расійскае грамадзянства. Яна была пасярэдніцай паміж шпіёнскай групоўкай і расійскім пасольствам. На відэа бачна, як жанчына ўваходзіць у расійскае пасольства, а праз гадзіну пакідае яго. Яе задачай было перадаваць атрыманую інфармацыю і забіраць грошы. Жанчыну арыштавалі як саўдзельніцу.

Сафійскі ваенны суд пастанавіў пакінуць пад арыштам пяцярых падазраваных. Шостага адпусцілі пад заклад пасля прызнання віны і супрацоўніцтва з балгарскімі ўладамі. Таксама Балгарыя выслала двух расійскіх дыпламатаў у сувязі з гэтай справай.

МУС Расіі назвала гэтую справу «чарговым абвастрэннем антырасійскай шпіёнаманіі ў Балгарыі на фоне ўздыму русафобіі на Захадзе і перш за ўсё ў ЗША». 

Імёны арыштаваных афіцыйна не разгалошваюцца. Адвакат аднаго з абвінавачаных заяўляе, што рашэнне суда неапраўданае, таму ён будзе падаваць апеляцыю.

«Пракуратура не адзначае, якую інфармацыю сабраў мой кліент і іншыя асобы для перадачы ў Расію. Тады паўстае пытанне, ці з’яўляецца гэта інфармацыя дзяржаўнай таямніцай», — адзначае адвакат.

За апошнія гады Балгарыя выслала некалькіх расійскіх дыпламатаў за меркаваны шпіянаж. Летась Чэхія і Славакія абвінавацілі расійскіх дыпламатаў у незаконнай дзейнасці і таксама іх выслалі.

Балгарскі ўрад адзначае, што члены шпіёнскай групоўкі мелі доступ да сакрэтаў НАТА, ЕС і Балгарыі, бо працавалі ў Міністэрстве абароны, ваеннай разведцы і парламенце. Усе яны займалі высокія пасты і мелі доступ да сакрэтнай інфармацыі.

Пракуратура паведаміла, што «Рэзідэнтам» быў высокапастаўлены супрацоўнік вайсковай разведкі Балгарыі. Па поглядах ён сталініст. У яго за плячыма — вучоба ў школе расійскай ваеннай разведкі ў Маскве. «Рэзідэнт» расказаў, што прапаноўваў іншым агентам за іх працу $1800 у месяц.

На адным з аўдыязапісаў чуваць, як «Рэзідэнт» кажа сваім агентам: «Калі ёсць штосьці сакрэтнае, фатаграфуйце. Цікавяць матэрыялы пра Расію, Блізкі Усход, Ірак, лакальныя канфлікты накшталт Нагорнага Карабаха. Украіна і Беларусь таксама».

Пракуроры пакуль не вызначалі, як даўно пачала дзейнічаць групоўка. Мяркуючы па аўдыязапісах, галоўнай матывацыяй для агентаў былі грошы. Плацілі ім пераважна ў балгарскіх левах, бо, як тлумачыць «Рэзідэнт» на адным з аўдыёзапісаў, «абмен вамі валюты можа прыцягнуць да вас увагу».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?