Сёння, 31 сакавіка, агучылі прысуд па справе аб перакрыцці Вялікага Гасцінца ў Маладзечне, піша Рэгіянальная газета.
Сяргей Сідаровіч і Эліна Карыцька. Фота Яўгеніі Прыгодзіч.
Нагадаем, 21 лістапада 2020 года чацвёра маладзечанцаў — Карабейнік, Саладоўнікаў, Сяргей Сідаровіч, Карыцька — выйшлі на зялёнае святло пешаходнага святлафора на скрыжаванні Гасцінец-Хмяльніцкага з банерам «Пакуль у краіне беззаконне — супраціўленне наш доўг». Яны прастаялі на зялёнае святло, 26 секунд на чырвонае (дазваляльны зялёны для кіроўцаў) і на наступны зялёны сышлі.
Пяцярых маладзечанцаў (Сідаровічаў, Карабейніка, Саладоўнікава, Карыцька) судзілі па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса «Актыўныя дзеянні, што парушаюць грамадскі парадак». Задорскую — па частцы 6 артыкула 16 ч. 1 арт. 342 «Дапамога ў здзяйсненні актыўных дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».
Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для ўсіх падсудных дамашнюю «хімію». Для Карабейніка, Саладоўнікава, Сідаровічаў запрасіў па 1 годзе і 6 месяцаў, для Карыцька і Задорскай — 1 год.
Дзмітрыю Карабейніку, Рыгору Саладоўнікаву, Сяргею Сідаровічу і Эліне Карыцька прысудзілі па 1 году і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову («хімія»).
Ганне Задорскай і Ігару Сідаровічу — штрафы.
Рыгора Саладоўнікава і Дзмітрыя Карабейніка, якія знаходзіліся пад вартай з лістапада, выпусцілі ў зале суда пасля агучвання прысуду.
Падчас агучвання прысуду Сяргей Сідаровіч дастаў банку з таблеткамі і пачаў іх піць. Блізкія спрабавалі не даць яму гэтага зрабіць — выклікаць у яго ваніты, пасля хлопца забрала «хуткая».
Па словах відавочцаў, у гэты час суддзя Вікторыя Паляшчук працягнула зачытваць прысуд па справе.
Карабейніка абдымае маці пасля таго, як ён выйшаў з залы суда. Фота Яўгеніі Прыгодзіч.





