38-гадовую маці пяці дзяцей Вольгу Залатар са Ждановіч затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 18 сакавіка. 29 сакавіка Вользе выставілі абвінавачванне — «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем». Гэты артыкул Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў.

Яна застаецца ў мінскім СІЗА №1 на Валадарскага. Вольга не прызнае сваёй віны і адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам. Жанчына не губляе аптымізму, піша сваім дзецям і маці вялікія лісты, у якіх распавядае пра побыт у камеры, планы на Вялікдзень і дзеліцца сваім партрэтам з турмы аўтарства палітзняволенай студэнткі Касі Будзько. «Вясна» публікуе вытрымкі з лістоў Вольгі Залатар.

Вольга Залатар нумаруе свае лісты і падпісвае, на колькі аркушаў яе ліст. Маці і дзеці Вольгі атрымалі ад яе некалькі лістоў. Яна распавядае, што сядзіць у камеры з пяццю жанчынамі.

«Адвакат — вельмі дарагі псіхатэрапеўт»

«Але ўсё можа змяніцца ў любы момант. Тут трэба ўсведамляць, што няма нічога пастаяннага, што могуць перавесці ці цябе, ці кагосьці з дзяўчат», — удакладняе Вольга.

У лістах жанчына апісвае свой побыт з сукамерніцамі:

«Нам цэлымі днямі з 6:00 да 22:00 круцяць «Русское радио» па дынаміку з вуліцы. Здараецца, круцяць і добрыя песні, пад якія можна патанчыць.

Сёння [24 сакавіка] мы наводзілі парадак, усё памылі чысценька, чай заварылі і п’ём з пячэнькамі і сушкамі.

Зраніцы прыходзіў адвакат. Як жартуюць дзяўчынкі, адвакат — вельмі дарагі псіхатэрапеўт».

Запрасіла святара ў СІЗА

Праз чатыры дні Вольга распавяла, што ў камеры жанчыны святкавалі Вербную нядзелю:

«Сёння [28 сакавіка] мы святкавалі Вербную нядзелю. Накрылі салодкі стол, прачыталі малітву. Гарэшкі [прысмакі з перадач знаёмых Вольгі] выклікалі фурор!»

Вольга распавяла, што напісала заяву на запрашэнне святара ў СІЗА. Сапраўды, такое права ёсць у абвінавачаных. 

«Мне вельмі цяжка ад думкі, што я не буду з вамі [з сям'ёй] святкаваць Вялікдзень, не буду пячы кулічы, мы не пойдзем разам да касцёла. Я напісала заявы, каб запрасілі святара для правядзення набажэнства. Я вельмі спадзяюся, што маю просьбу задаволяць, улічваючы, што тут ёсць пакой святара і Чырвоны касцёл побач».

Пра першыя тэлеграмы: «Агромністая энергія падтрымкі ў некалькіх словах!»

У першых лістах распавяла Вольга і пра першыя весткі з волі:

«Я атрымала дзве тэлеграмы: адну ад ліцэістаў, а другую — ад кагосьці блізкага. На жаль, адправіцелі мне невядомыя. Трэба падпісваць у тэксце тэлеграмы. Яны былі мне перададзены праз тры дні пасля адпраўлення. І іх можна адпраўляць з гарадскога тэлефона, не выходзячы з дома (я толькі нумар тэлефона не памятаю). Тэлеграмы мяне вельмі парадавалі. Гэта былі першыя вестачкі з волі, агромністая энергія падтрымкі ў некалькіх словах!» 

«Я атрымліваю ўнікальны досвед, сустракаю выбітных людзей»

Пры ўсёй складанасці сітуацыі Вольга застаецца мужнай і не губляе аптымізм:

«Я веру, што ўсё будзе добра і ў нашай сям’і, і ў нашай краіне. Я атрымліваю ўнікальны досвед, сустракаю выбітных людзей. Паколькі распавядаць пра сваіх сукамернікаў нельга, я толькі напішу, што адна жанчына паказала практыкаванне, як зрабіць прыгожымі попку і рукі. На прагулцы пасля 15-хвіліннай прабежкі і размінкі мы з Касяй робім гэты комплекс. Фізічныя практыкаванні дапамагаюць спраўляцца з думкамі. Двары для прагулак вам бы не спадабаліся — гэта невялікія пляцоўкі прамавугольнай ці квадратнай формы з высокімі грубымі, шаршавымі, бетоннымі, вільготнымі сценамі, а зверху — рашотка ці сетка. Нават у такіх умовах радасна выйсці на свежае паветра, у ідэале — злавіць сонейка ці дробны дожджык».

«Адвакат кажа, што шмат людзей вас падтрымлівае і дапамагае» 

«Ва мне шмат любові, якая разыходзіцца ад мяне хвалямі» 

«Я злавіла сёння дзіўнае адчуванне: нягледзячы на высокія сцены і краты, я адчуваю сябе свабоднай. У мяне чыстае сумленне, я рабіла і раблю добрыя справы, у мяне ёсць вы, мае цудоўныя дзеці, у мяне самы лепшы муж і заботлівая мама, дзясяткі людзей, якія моляцца за мяне і падтрымліваюць. Я адчуваю бязмерную ўдзячнасць да Бога і да людзей, ва мне шмат любові, якая разыходзіцца ад мяне хвалямі. Я не адчуваю злосці да тых людзей, якія здзейснілі злачынства супраць мяне і маёй сям’і, мне іх шкада. Мяне ўразілі словы Віктара Марціновіча, якія я прачытала ў газеце «Новы Час»: «Свабода — гэта права не рабіць іншаму кепска тады, калі ты яму спачуваеш». Я малюся, каб Бог адкрыў сэрцы і вочы тых людзей, каб яны ўсвядомілі свае злачынствы і навярнуліся». 

«Кася кажа: «Мы ж у турме!»

Вольга даслала свой партрэт, які намалявала Кася:

«Мой партрэт намалявала мая сукамерніца, юная, светлая Кася, якая не перастае мяне здзіўляць сваімі поглядамі і разважаннямі. На партрэце я вельмі сур’ёзная, бо Кася кажа: «Мы ж у турме!»

Партрэт Вольгі Залатар у СІЗА-1 аўтарства палітзняволенай Касі Будзько

Чытайце таксама: Маці-гераіня. Пяцёра дзяцей засталіся з бабуляй пасля затрымання бацькоў за палітыку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0