Рашэнне Смаргонскі РАУС патлумачыў тым, што ў дзеяннях Гапона адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 24.23 КаАП Рэспублікі Беларусь. Ліст датаваны 26 сакавіка, але жыхар Крэва атрымаў яго толькі ўчора (фота дакумента ёсць у рэдакцыі).
Нагадаем, 14 сакавіка Сяргей Гапон запрасіў беларусаў святкаваць Масленіцу на Юр'еву гару, частка якой з'яўляецца дваром фатографа. Прыязджала ў тым ліку Вольга Хіжынкова. На свяце таксама з'явілася міліцыя:
— Дзесьці за гадзіну да пачатку патэлефанаваў участковы і папярэдзіў, што праз нейкі час прыедзе разам са смаргонскай міліцыяй, — успамінаў тое, што адбываецца 14 сакавіка Сяргей. — Па прыездзе папрасілі выйсці да іх, каб не турбаваць сваёй прысутнасцю гасцей. Супрацоўнік са Смаргоні сказаў, што бачыць ва ўсім парушэнне закона «Аб масавых мерапрыемствах», і ўручыў позву для дачы пісьмовых тлумачэнняў. [15 сакавіка] пытанні задавалі простыя: дзе, што, у колькі. Асаблівая ўвага надавалася, якім чынам запрашаў гасцей, ці адкрыты ў мяне профіль у Facebook, хто мог бачыць публікацыі.