Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Статкевіч ад 31 мая, больш за дзесяць месяцаў, знаходзіцца ў турме, цяпер ён у турме №8 у Жодзіне. 11 сакавіка стала вядома, што СК завяршыў расследаванне справы «Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і набліжаных да іх асобаў», аднак, якія канкрэтна абвінавачанні выстаўленыя Статкевічу, не паведамлялася.

Жонка палітыка Марына Адамовіч мяркуе, што яму перакваліфікавалі абвінавачанне — цяпер Статкевічу інкрымінуюць парушэнне часткі 1 артыкула 293 КК(«Арганізацыя масавых беспарадкаў»), хоць раней ён праходзіў па другой частцы гэтага ж артыкула («Удзел у масавых беспарадках»).

У перададзеных адказах Мікалай Статкевіч падзяліўся з DW сваім стаўленнем да ягонай крымінальнай справы, распавёў пра ціск на яго ў турме і даў ацэнку падзеям, якія адбываюцца ў Беларусі.

Абвінавачванні, якія ўлады выставілі Мікалаю Статкевічу, сам ён лаканічна называе «трызненнем». На пытанне аб самаадчуванні ў турме апазіцыянер адказаў, што «дыктатар не дачакаецца», аднак паведаміў пра спробы ціску:

«У чэрвені 2020 года, яшчэ падчас адміністрацыйнага арышту, выкарыстоўваліся такія метады: пазбаўлялі сну, па 5-7 разоў за ноч забягаючы ў камеру і стукаючы дубінкамі па метале; не вадзілі ў душ, пазбаўлялі перадачы, прагулак, чытання. Былі і сілавыя сутыкненні».

Цяпер, па словах Статкевіча, супраць яго ў турме ў асноўным выкарыстоўваюць гучны гук. «З рэпрадуктара круцяць запісы інтэрв'ю Лукашэнкі, пакаянняў зняволеных, службовыя інструкцыі. Сіла гуку такая, што нават тэлевізар на максімальнай гучнасці не чуваць. Такое адбываецца толькі ў маёй камеры. Часам круцяць усю ноч, памяншаючы гучнасць, каб не перашкаджаць асуджаным у іншых камерах», — распавёў апазіцыянер. І дадаў, што змог адаптавацца да такіх умоў, вырабіўшы сабе берушы з губкі для мыцця посуду.

Сёняшняя сітуацыя ў Беларусі, на думку Статкевіча, істотна адрозніваецца ад падзей 2010 года. «Цяпер беларускі народ ведае пра тое, што ён за перамены, за змену ўлады, людзі хочуць свабоды. Беларусы пераканаліся ў тым, што з сябе ўяўляе ўлада. Не думаю, што нелегітымны ў нашых і сусветнай супольнасці вачах ды эканамічна не самадастатковы рэжым зможа захаваць кантроль на працягу доўгага часу», — адзначыў Статкевіч у інтэрв'ю DW.

Святлану Ціханоўскую ён называе «абраным прэзідэнтам, якому не далі заняць сваё месца», аднак ацэньваць бягучыя дзеянні дэмакратычных сіл, знаходзячыся ў турме, апазіцыянеру цяжка. «На рэальны дыялог (з апазіцыяй) Аляксандр Лукашэнка пойдзе толькі тады, калі яго будзе позна ратаваць ад народа», — лічыць Статкевіч. На ягоную думку, беларусы дагэтуль не перамаглі Лукашэнку толькі таму, што ў таго ёсць падтрымка Крамля.

Гаворачы аб развіцці палітычнага крызісу ў Беларусі, Статкевіч прагназуе ўзмацненне ціску на грамадства, павольную дэградацыю эканомікі і непазбежныя перамены: «Але ў цэлым наш народ чакае выдатная будучыня, бо мы яе заслужылі». Беларусам, якія працягваюць барацьбу, Мікалай Статкевіч пажадаў «годнасці і волі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0