Два новыя даследаванні кажуць, што насуперак ранейшым асцярогам, брытанскі штам каранавіруса новага тыпу не павялічвае цяжар хваробы. Але пры гэтым распаўсюджваецца ён лепш за астатнія разнавіднасці SARS-CoV-2. Артыкулы з апісаннем даследаванняў апублікавалі навуковыя часопісы The Lancet Infectouse Diseases і The Lancet Public Health.

Брытанскім штамам або лініяй B. 1.1.7 называюць разнавіднасць каранавіруса, якую выдзелілі ў пачатку снежня 2020 года ў Вялікабрытаніі. Першыя сведчанні яго з'яўлення датуюцца вераснем таго ж года, а ў снежні ён пачаў хутка распаўсюджвацца па краіне. Пасля ён трапіў і ў іншыя краіны: напрыклад, у пачатку красавіка стала вядома, што брытанскі штам стаў найбольш распаўсюджаным у ЗША.

Паводле першых даследаванняў гэтай разнавіднасці, акрамя здольнасці хутка распаўсюджвацца B. 1.1.7 можа адрозніваць і падвышаная смяротнасць пацыентаў. Спецыялісты працягваюць вывучаць наступствы заражэння брытанскім штамам, каб зразумець, ці сапраўды ён больш смяротны, а таксама каб высветліць, ці абараняюць ад гэтай разнавіднасці вакцыны ад SARS-CoV-2, створаныя супраць іншых разнавіднасцяў віруса.

Аўтары першага даследавання назіралі за жыхарамі Лондана, якія паступілі ў дзве гарадскія клінікі паміж пачаткам лістапада і канцом снежня 2020 года. Тады вакцынацыя была яшчэ ў самым пачатку і аб брытанскім штаме не было вядома амаль нічога. Навукоўцы аналізавалі колькасць і склад вірусных часціц з мазкоў пацыентаў, а таксама сімптомы, з якімі ў іх праходзіла інфекцыя. Усяго ў распараджэнне даследчыкаў трапілі даныя ад 341 лонданцаў.

Доля смерцяў сярод пацыентаў абедзвюх груп аказалася супастаўная (16% і 17%), таксама прыкладна аднолькавы быў і цяжар сімптомаў. Пры гэтым пацыентам з B. 1.1.7 часцей прызначалі кіслародныя маскі (44% супраць 30%), аднак, па словах даследчыкаў, гэта можа быць звязана не толькі з цяжарам каранавіруснай інфекцыі. Таму гэтую прыкмету ў сваіх высновах навукоўцы не ўлічвалі.

Яшчэ адным важным адрозненнем пацыентаў з брытанскім штамам была вялікая вірусная нагрузка: гэта значыць колькасць вірусных часціц у іх крыві.

Другое даследаванне ахоплівала значна больш удзельнікаў: каля 37 тыс. чалавек, якія карысталіся дадаткам COVID Symptom Study ад канца верасня да канца снежня 2020 года. Гэты дадатак рэкамендавалі ўсталяваць пацыентам, якія заразіліся каранавірусам, каб распавядаць з яго дапамогай аб сімптомах інфекцыі доктару.

Акрамя звестак аб тым, як сябе адчуваў кожны пацыент, дадатак перадаваў і месца, дзе ён знаходзіўся. Такім чынам, у распараджэнні даследчыкаў апынуўся вялікі масіў даных, па якіх, у параўнанні з інфармацыяй аб суадносінах хворых з B.1.1. 7 у кожным рэгіёне, можна было зрабіць выснову аб сувязі паміж цяжарам сімптомаў і колькасцю хворых з брытанскім штамам.

Навукоўцы не выявілі ніякай статыстычна значнай сувязі паміж гэтымі параметрамі: калі ў тым ці іншым рэгіёне Англіі, Шатландыі або Уэльса павялічвалася колькасць пацыентаў з брытанскім штамам, колькасць выпадкаў ускладненняў COVID-19 у гэтым рэгіёне не павялічвалася і часцяком змянялася па незалежнай заканамернасці. Не аказалася значнай сувязі і паміж колькасцю пацыентаў з B. 1.1.7 і ўзроўнем паўторнага заражэння.

Аднак адну сувязь навукоўцы ўсё-ткі заўважылі: аказалася, што індэкс рэпрадукцыі — паказчык, па якім навукоўцы мяркуюць аб хуткасці пашырэння таго ці іншага віруса — у брытанскага штама ў 1,35 разоў вышэйшы, чым у «стандартнага» каранавіруса.

Па словах навукоўцаў, нягледзячы на ўсё гэта, з дапамогай наяўных сродкаў лячэння індэкс рэпрадукцыі B. 1.1.7 можна знізіць. Акрамя таго, супраць яго, паводле апошніх даследаванняў, дзейнічаюць ўсе вядомыя на дадзены момант вакцыны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру