Мінск-навіны
— Мы прадбачым гэтую сітуацыю і разумеем, што некалькі паліклінік, напрыклад, у нашым Заводскім раёне, не змогуць справіцца з вялікім патокам пацыентаў, якіх неабходна вакцынаваць, — распавяла галоўны доктар 21-й цэнтральнай раённай паліклінікі Наталля Мысліўчык. — Таму цяпер працуем на перспектыву.
Ёсць дамоўленасці з адміністрацыямі некалькіх буйных гандлёвых аб'ектаў. Яны прадставяць плошчы для арганізацыі прышчэпачных пунктаў.
Усё зробім як мае быць — з улікам усіх патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнай службы. І тады зможам прывіваць даволі вялікую колькасць людзей у дзень.
— Наколькі я разумею, для арганізацыі такой маштабнай прышчэпачнай кампаніі спатрэбіцца шмат медыцынскіх работнікаў. Дзе вы іх возьмеце? Забераце з паліклінік?
— Для працы ў прышчэпачных пунктах прыцягнем валанцёраў.
— З медыцынскай адукацыяй?
— Неабавязкова. Валанцёры будуць дапамагаць запаўняць анкеты, весці ўлік пацыентаў, выконваць іншую арганізацыйную працу, якая не патрабуе наяўнасці медыцынскай адукацыі. А дактары, фельчары, медсёстры стануць рабіць сваю працу. Веру, разам мы справімся з любымі нагрузкамі.
І ў Савецкім раёне задумаліся, як забяспечыць даступнасць вакцынацыі насельніцтва ў агляднай будучыні.
— Разглядаем розныя варыянты: Камароўскі рынак, ЦУМ і іншыя, у якіх маюцца пункты здароўя, — кажа намеснік галоўнага доктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце 34-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Савецкага раёна Вадзім Касцюкоў. — Бяром у разлік і гандлёвыя цэнтры.
«Цяпер жыхарам сталіцы нязвыкла будзе даведацца, што прышчапляць ад каранавіруснай інфекцыі будуць не толькі ва ўстановах аховы здароўя, але і на плошчах гандлёвых аб'ектаў. Тым не менш гэта праўда. За мяжой пад часовыя прышчэпачныя пункты спартыўныя залы аддаюць. І ўсё добра!» — кажа В. Касцюгоў.