Гэтую ноч Марыя правяла ў сястры ў Міханавічах пад Мінскам. У пятніцу з раніцы яна паехала да сына ў Мінск. Кажа, Рому сёння будуць рыхтаваць да аперацыі. Дзіця, працягвае мама, ляжыць у асобным боксе.

— Учора са мной звязваўся кіраўнік БХМД. Сказаў, яны дадуць усё неабходнае лячэнне. Тэлефанавалі з Мінздароўя, казалі, калі патрэбна будзе дапамога расійскіх дактароў, Рому перавязуць туды, — дрыжачым голасам апісвае Марыя тое, што адбывалася ў чацвер. — Дактары імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы сыну.

Бяда ў сям'і Марыі здарылася ў сераду ўвечары. Калі муж паехаў у суседні пасёлак, каб сустрэць яе з працы, у іх доме ў вёсцы Сідаровічы здарыўся пажар. У хаце ў гэты час знаходзілася двое хлопчыкаў: 12-гадовы Рома і яго брат Ваня, якому год і чатыры месяцы. Яшчэ адзін брат — 6-гадовы Міша — быў у сяброў.

Дом сям'і цалкам згарэў, таму сям'я цяпер часова жыве ў вёсцы ў Ромавай бабулі, потым плануюць пажыць у прабабулі. Увогуле, бытавыя пытанні вырашаюцца, кажа Марыя, галоўнае, каб Ромка паправіўся.

Перажываюць за хлопца і ў роднай вёсцы.

— Ён добры хлопчык, вельмі адказны, — распавядае сябар сям'і Мікалай. — Рома пастаянна з братамі. Я вам прывяду прыклад. Калі ў школе ў каго-небудзь з аднакласнікаў дзень нараджэння, і Рому пачаставалі цукеркамі ці яблыкам, ён сам не есць, нясе братам.

Пра пажар Мікалай даведаўся ад суседа Марыі — Аляксандра — і тут жа паведаміў бацьку.

— Я працую на водаканале, у той дзень быў на змене і знаходзіўся кіламетраў за пяць ад Сідаровічаў. Я набраў Лёшы, паведаміў, што іх дом гарыць і хутка паехаў у вёску, разумеў: у доме могуць быць дзеці, — вяртаецца да тых падзей Мікалай. — Прыехаў я, за мной пажарныя. Убачыўшы Рому, я стаў пытацца пра братоў. Аказалася, малодшыя ўжо ў суседзяў.

Фота: прэс-служба МНС Беларусі

Фота: прэс-служба МНС Беларусі

Рома, працягвае мужчына, быў у прытомнасці. Да прыезду хуткай Мікалай з Аляксандрам патэлефанавалі знаёмым медыкам. Спыталі, што рабіць. Ім параілі паліваць хлопчыка вадой і размаўляць з ім.

— Ён пытаўся, дзе браты — Міша, Ваня? — успамінае Мікалай. — Я прасіў шмат не гаварыць, берагчы сілы і не адключацца.

Па словах Мікалая, калі ён прыехаў у вёску, дом гарэў з боку веранды, там, дзе ўваходныя дзверы.

— Як я разумею, у Ромы заставаліся кухня і пакой, — мяркуе мужчына. — У кухні ў іх глухі шклопакет, то-бок ён не адчыняецца. Рома разбіў шкло і так выйшаў з братам на руках. На вуліцы яго ўбачыў сусед Аляксандр.

Ваня фізічна не пацярпеў, але, распавядае Мікалай, моцна плакаў. Міша пажару не бачыў, суседзі, якія яго прытулілі, хлопчыку нічога не расказвалі, пазней яго забрала бабуля.

Па словах Мікалая, пажары ў іх вёсцы здараліся і раней. Летась у сям'і Ромы гарэў хлеў, а нядаўна ў Сідаровічах загарэлася трава.

— З'явілася інфармацыя, што пажарны пост, які знаходзіцца побач з намі, хочуць скараціць. Але куды тут скарачаць? Тады найбліжэйшыя ратавальнікі будуць ад нас кіламетраў за трыццаць, — ледзь стрымлівае эмоцыі мужчына і зноў вяртаецца да сітуацыі са школьнікам. — Але галоўнае для нас цяпер, каб з Ромам усё было добра. Ён моцны хлопчык, самы высокі ў класе, займаецца ў лыжнай секцыі, бегае. Дасць Бог, усё будзе нармальна.

Родныя Ромы просяць перадаць шчыры дзякуй усім, хто іх падтрымаў. Добрых людзей, кажа Марыя, вакол аказалася вельмі шмат. Іх сям'я, ледзь стрымлівае слёзы суразмоўца, нават не чакала, што так будзе шмат званкоў з прапановай дапамогі.

А яшчэ блізкія Ромы распавялі, што на карту Галіны Вадзімаўны (бабулі Ромы і мамы Марыі) учора паступіла больш за 40 тысяч рублёў.

— Дакументы Марыі згарэлі, таму пакуль яна будзе іх аднаўляць, у сям'і вырашылі адкрыць дабрачынны рахунак на імя бабулі. Мы перавялі туды ўсе грошы. Яшчэ раз вялікі дзякуй усім, хто нас падтрымаў.

***

Для тых, хто хоча дапамагчы Роме і яго сям'і, паведамляем рэквізіты дабрачыннага рахунку:

ААТ «АСБ Беларусбанк»
Аддзяленне № 619/5135 г. п. Свір, вул. Гурыновіча, 29
УПП: 100325912
BIC S. W. I. F. T. / БІК / МФА
AKBBBY2X
Дабрачынны рахунак у BYN
Бабіч Галіна Вадзімаўна
BY87 AKBB 3134 0000 0074 3007 0000

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0