Але чаму раптам стэла стала чырвона-зялёнай? Намесніца старшыні Мастоўскага райвыканкама Марына Давыдзік, якая адказвае за ўсю сацыяльную сферу, патлумачыла «Нашай Ніве», што гэта было.
«Кожны год да 9 мая мы абнаўляем усе памятныя для мастаўчан месцы. Стэла, пра якую вы кажаце, гэта не месца пахавання воінаў. Гэта стэла, якую паставілі ў памяць аб загінулых на вайне. Пафарбавалі яе з мэтай эстэтычнага ўспрымання. І пафарбавалі ў традыцыйныя для беларусаў колеры: зялёны і чырвоны», — сказала Давыдзік.
Але што значыць «пафарбаваць з мэтай эстэтычнага ўспрымання»?
«Вы ж разумееце, што любую фарбу трэба абнаўляць — бо дажджы, снег, вецер. І шэрая стэла ўжо была не вельмі прыгожай. Таму яе абнавілі», — тлумачыць чыноўніца.
Давыдзік кажа, што ёй новы выгляд помніка спадабаўся:
«Канечне, лепш стала! Абнавілі стэлу, яна прыгожая, сакавітая, яркая, на ўездзе. Прыцягвае ўвагу».





