28 лютага ў заліве Кейп-Код (ЗША) фатограф Браян Скеры і амерыканскія навукоўцы заўважылі двух кітоў, якія паводзілі сябе вельмі дзіўна. Марскія сысуны дакраналіся ластамі да брухаў адно аднаго, нібыта спрабуючы абняць.

Навукоўцы акіянаграфічнага інстытута ў Вудс-Холе (ЗША), што ўдзельнічалі ў запісу відэа, называюць такія паводзіны кітоў вельмі рэдкімі. Магчыма, гэта была спроба жывёл прадэманстраваць прыхільнасць адзін да аднаго і спарыцца. Даследчыкі зрабілі гэтыя цікавыя кадры з дапамогай дронаў, калі займаліся падлікам кітоў і вывучэннем іх стану, распавядае Daily Mail.

Варта адзначыць, што жывёлы ў відэазапісы — гэта паўночныя гладкія кіты, від, якому зараз моцна пагражае знішчэнне. Ва ўсім свеце засталося менш за 400 кітоў гэтага віду. Спачатку ім пагражаў кітабойны промысел, але зараз смяротнасць гэтых жывёл павышаецца праз уплыў людзей на экалогію. У прыватнасці, небяспека для паўночных гладкіх кітоў сыходзіць ад сутыкнення з рыбалоўнымі прыладамі і судамі рознага тыпу.

Тое, што чалавечая дзейнасць павышае ўзровень шума ў акіяне, таксама праблема. Гэты шум можа перашкаджаць камунікацыі кітоў і павышаць іх узровень стрэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0