Бацькі Мікіты паведамляюць, што ў чаканні афармлення працэдуры новага арышту іх сына цягам доўгага часу пратрымалі ў аўтазаку. «Падлетка вагой 50 кг ахоўвалі чацвёра велізарных сілавікоў», — сказаў бацька Мікіты Міхаіл.
Перадаць яму ежу і ваду не дазволілі. Бацькі адзначаюць, што выглядае Мікіта вельмі бледным і схуднелым, яго самаадчуванне з часу апошняга спаткання відавочна пагоршылася.
Калі пракурор афармляў арышт, Мікіта задаў яму пытанне: «Чаму я сяджу ў камеры адзін?»
Але адказу ён не атрымаў.
Адвакат Мікіты параіў бацькам напісаць заяву ў пракуратуру з нагоды ўтрымання іх сына ў «адзіночцы», спаслаўшыся на тое, што, верагодна, пракуратуры не вядома пра гэты факт.
Пагаварыць з сынам бацькам не дазволілі. Мікіта паспеў толькі сказаць ім, што больш не можа трываць: калі застанецца адзін у камеры — ён не вытрымае.





