Жонка палітзьняволенага Вольга Севярынец паведаміла пра тое, што ў Магілёве, дзе ўтрымліваюць Паўла цяпер, яму далі статус «схільнага да нападу на адміністрацыю». А гэта азначае, што ўсе перасоўваньні па турме адбываюцца выключна ў кайданках, піша «Радыё Свабода».

На мінулым тыдні Паўла Севярынца паставілі на ўлік як «экстрэміста», выстаўлялі яго на калідор з матрацам, разам зь ім на пазачарговыя праверкі выстаўлялі і сукамэрнікаў. На думку Вольгі, гэта рабілася дзеля таго, каб справакаваць варожасьць да Севярынца з боку іншых сядзельцаў.

Ужо 347 дзён палітвязень знаходзіцца пад арыштам.

Аднаго з сустаршыняў партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дома неўзабаве пасьля таго, як ён правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасьці» побач зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты.

21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Аднак Сьледчы камітэт паведаміў, што на палітыка завялі справу паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу (затрыманьне празь непасрэдна ўзьніклае падазрэньне ва ўчыненьні злачынства). Затым стала вядома, што палітыку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.

Севярынца 12 траўня пачалі судзіць на закрытым працэсе ў Магілёўскім абласным судзе. Разам зь ім на лаве падсудных актывісты «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, Дзьмітры Казлоў, Андрэй Войніч, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Ірына Шчасная. Паводле інфармацыі, якая паступае сваякам Паўла Севярынца і іншых зьняволеных, закрыты працэс праходзіць у надзвычай хуткім тэмпе, чакаецца, што разгляд справы будзе трываць ня болей за два тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0