Фота Волі Афіцэравай.

Фота Волі Афіцэравай.

Вучылася на балгарскай філалогіі

Марыне Золатавай 43 гады, яна родам з Мінска. Вучылася ў БДУ на балгарскай філалогіі. Любоў да гэтай мовы і краіны Марына перанесла і ў постстудэнцкі час.

«Я вельмі люблю Балгарыю. Люблю нават за тое, за што многія яе не любяць. Для мяне здаецца цалкам натуральным матляць галавой у знак згоды і ківаць, калі хочаш сказаць «не». Я люблю ракію, сірэне і люценіцу. А мовай міжнародных зносін лічу балгарскую. Яшчэ я люблю спяваць трагічныя македонскія песні. Шкада, што ніхто не любіць слухаць», — прызнавалася яна аднойчы. Золатава друкавала свае ўражанні пра Балгарыю ў тым ліку і ў «Нашай Ніве».

«Падсвядома балгары гатовыя да любых змен — лёс прывучыў. Гэта тычыцца як грамадскага, так і асабістага жыцця. Балгары не выносяць нуды і аднастайнасці. Часта яны захапляюцца нечым, укладаюць у гэтую справу багата часу і грошай, а пасля кідаюць, каб аддацца новаму захапленню», — пісала яна.

Сямнаццаць гадоў узначальвае TUT.by

Золатава скончыла аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Працавала ў дзяржаўным Інстытуце праблем навукі, а таксама ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе Марына ўзначаліла партал TUT.by. На той момант сайт быў звычайным агрэгатарам навін. Выстаўлялі самае цікавае, што прадукавалася на іншых пляцоўках. Фактычна, Золатава была першай, хто на Tut.by прафесійна заняўся менавіта навінамі. Сямнаццаць гадоў таму сайт меў усяго 6000 унікальных карыстальнікаў за суткі.

За гэты час Tut.by стаў самым буйным беларускім СМІ. Наведвальнасць паднялася больш чым у 100 разоў. У калектыве працуе больш за 70 журналістаў. Адкрыліся ўсемагчымыя дадаткі, як «Афіша» і «Спорт» і «Лэдзі.тут.бай». Tut.by з'яўляецца самым уплывовым беларускім рэсурсам, з меркаваннем якога вымушаныя былі лічыцца і рэагаваць як чыноўнікі, гэтак і сілавікі.

Шмат разоў хадзіла да Лукашэнкі

Марына Золатава хадзіла на прэс-канферэнцыю да Аляксандра Лукашэнкі ў чэрвені 2011 года. У той час востра стаяла пытанне аб закрыцці незалежных газет «Нашай Нівы» і «Народнай Волі». Золатава ўстала на абарону медыя.

«У 21-ы раз просіце дараваць, колькі можна? Парушыў закон — адказвай. Можа, ім выставяць матэрыяльны пазоў, няхай плацяць. Я вельмі шкадую, што «Ніва» стала зусім не той нівай. Гэта адмарожаная прэса. Нельга рабіць рэйтынг на горы. Калі ад майго меркавання нешта будзе залежыць, то я ўлічу і ваша меркаванне. Але вы не ўзялі пад сваю гарантыю. Не хочаце, бо не будуць рабіць. Хай у судзе разбяруцца», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы. У выніку суд прыняў рашэнне не закрываць незалежныя выданні.

Пасля гэтага Золатава яшчэ неаднаразова хадзіла на прэс-канферэнцыі да Аляксандра Лукашэнкі. Яна была сярод траіх журналістаў недзяржаўных СМІ, з якімі Лукашэнка сустрэўся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Менавіта да Марыны ён звяртаўся, калі нарадзіў чарговы мем: «Навошта з мужам дома піць піва?» Гэтае відэа на ютубе паглядзелі 326 тысяч разоў.

Маці дваіх дзяцей

У Марыны ёсць дачка Надзея і сын Фёдар. Яны яшчэ школьнікі. Дачка займаецца мастацкай гімнастыкай.

«Дачка правяла даволі шмат часу ў мяне на каленях, назіраючы за тым, як я «стаўлю навіны». А Фёдар «ставіць навіны» мне не даваў, а аддае перавагу гэта рабіць сам», — пісала Золатава.

Сярод сваіх любімых кніг яна называе «Сотнікава» Васіля Быкава, «У вайны не жаночае аблічча» Святланы Алексіевіч, «Восень патрыярха» Маркеса, «Хазарскі слоўнік» Павіча.

Апошнія гады Марына актыўна захапляецца бегам. Неаднойчы прабягала паўмарафон. У фэйсбуку яна прызнавалася, што не зрабіла б гэтага без падтрымкі мужа. Таксама Золатава мае першы разрад па плаванні. Амаль дзесяць гадоў аддала гэтаму віду спорту. З цеплынёй згадвае свайго настаўніка — заслужанага трэнера Беларусі Мікалая Мітрычэнку, які не толькі вучыў хутка плаваць, але і вадзіў сваіх выхаванцаў у музеі.

Справа БелТА

7 жніўня 2018 года сілавікі прыходзяць у офіс tut.by. Tак пачынаецца гэтак званая «справа БелТА», калі высветлілася, што некалькі вядомых у Беларусі рэдактараў і журналістаў пад чужым паролем карысталіся платнай версіяй дзяржаўнага агенцтва. З дзясятак журналістаў на трое сутак апынуліся на Акрэсціна. Аднак да суда была даведзеная адна адзіная крыміналка — супраць Марыны Золатавай.

Яе судзілі па частцы 2 артыкула 425 Крымінальнага кодэкса «Бяздзейнасць службовай асобы». Маўляў, рэдактарка ўсё ведала пра карыстанне паролямі, але ніяк не замінала. Праваабаронцы і журналісты настойвалі на абсурднасці справы. Маўляў, калі ўрон нейкі і быў, то яго даўно кампенсавалі. За што тут судзіць?

Тым не менш, суддзя Аляксандр Петраш з Завадскога суда прыняў рашэнне прызнаць Золатаву вінаватай і прысудзіў да штрафу ў памеры 300 базавых велічыняў (7 650 рублёў), на той момант гэта было 3500 даляраў.

«Я лічыла і лічу, што гэтая гісторыя нікому не была выгадная. І тыя, хто яе задумаў, не занадта добра падумалі аб наступствах. Так, журналістам і рэдакцыям давялося прайсці праз ператрусы і затрыманні, мы страцілі шмат часу і грошай, але і тыя, хто гэтую справу ініцыяваў і хто ўдзельнічаў у гэтай гісторыі, выглядалі бледна. Мэтай было паказаць, «хто тут галоўны», запалохаць, а таксама атрымаць доступ да інфармацыі — раптам знойдзецца што-небудзь яшчэ», — казала постфактум Марына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?