«Учора прынеслі ліст з Генпракуратуры ад 04.05 аб тым, што яна выставіла мне са «змоўшчыкамі» пазоў на 3,078 мільёна рублёў, а таксама ліст з Вярхоўнага суда аб перадачы нашай «справы» ў Гомельскі абласны суд, — напісаў Мікалай Статкевіч з Жодзіна. — Раней чуў, што Генпракуратура ўжо наклала арышт на маёмасць коштам 2 мільёны для забеспячэння пазову».

Атрымліваецца, што суму пазову мусяць спагнаць з шасцярых фігурантаў справы. Сума буйная — гэта прыкладна $1,2 мільёна даляраў. 

Але як гэтыя грошы будуць спаганяцца з шасці чалавек? 

«Наша Ніва» звярнулася па тлумачэнне да адваката Антона Гашынскага.

Ён распавёў, што ў такіх выпадках усе, каго прызнаюць вінаватымі, павінны кампенсаваць шкоду салідарна.

«Пры салідарнай адказнасці кожны з даўжнікоў аднолькава адказвае за доўг — крэдытор мае права патрабаваць вяртання доўгу як ад усіх салідарных даўжнікоў сумесна, так і ад любога з іх паасобку, — тлумачыць Гашынскі. — Суд пастановіць спагнаць суму салідарна, маёмасць абвінавачаных забраць у кошт пагашэння шкоды. А далей ужо судовыя выканаўцы будуць спаганяць».

Але што рабіць, калі ў нейкага фігуранта справы зусім няма грошай? У такіх выпадках неабходную суму будуць «набіраць» сыходзячы з магчымасцяў кожнага фігуранта. Умоўна кажучы, з Ціханоўскага спагоняць тыя легендарныя $900 тысяч даляраў, якія знайшлі за канапай, са Статкевіча і іншых — тое, што змогуць знайсці ў кожнага. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0