Фота pixabay.com.

Фота pixabay.com.

Згодна з новым даследаваннем, маленькія дзеці, мамы якіх падчас цяжарнасці дыхалі паветрам з вялікай колькасцю шкодных часцінак, нашмат больш схільныя да развіцця астмы.

Размова ідзе пра ультрадысперсныя часцінкі, якія трапляюць у паветра, акрамя ўсяго іншага, у складзе выхлапных газаў і дыму. Лічыцца, што гэтыя часцінкі паступаюць праз лёгкія будучай маці ў яе крываток, што выклікае запаленне. Хутчэй за ўсё, часцінкі таксама трапляюць праз плацэнту ў крываток эмбрыёна, піша Guardian.

У даследаванні ўзялі ўдзел амаль 400 жанчын і іх дзяцей з горада Бостан. Падчас цяжарнасці гэтыя жанчыны дыхалі паветрам з рознай канцэнтрацыяй ультрадысперсных часцінак — ад 10 да 40 тысяч на кубічны сантыметр. Высветлілася, што дзеці жанчын, якія дыхалі паветрам з канцэнтрацыяй 30 тысяч часцінак, у чатыры разы часцей хварэлі на астму, чым тыя, чые маці дыхалі паветрам з 15 тысячамі часцінак на кубічны сантыметр. Гэткая розніца ў забруджванні эквівалентна розніцы паміж аўтадарогай з інтэнсіўным рухам і маленькай вуліцай.

Навукоўцы звярнулі ўвагу, што той перыяд цяжарнасці, калі эмбрыёны найбольш уразлівыя да ўплыву ультрадысперсных часцінак, залежыць ад полу эмбрыёна. Яны выказалі здагадку, што, магчыма, часцінкі ўплываюць на развіццё гарманальнай сістэмы арганізма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0