Папярэднія істотныя змены ў заробках бюджэтнікаў, якія ўвялі з 2020 года, суправаджаліся шматлікімі памылкамі ў налічэнні і выплаце заробкаў бюджэтнікам, скаргамі бюджэтнікаў, калектыўнымі зваротамі.

Ліпеньскія змены па заробках бюджэтнікаў прадугледжаныя указам № 482 ад 22 снежня 2020 года. Пасля гэтага профільныя ведамствы прынялі пастановы, каб увесці зарплатныя новаўвядзенні, у тым ліку ў ахове здароўя, адукацыі, культуры.

Калі коратка пра змены, якія ўвядуць з 1 ліпеня:

  • павялічаць памер сродкаў, якія ідуць на прэміраванне работнікаў бюджэтных арганізацый — з 5% да 20% (але ў межах прадугледжаных выдзеленых грошай на аплату працы);
  • на прэміраванне змогуць накіроўваць нявыкарыстаныя сродкі, прадугледжаныя на аплату працы, у тым ліку нявыкарыстаныя ў студзені-чэрвені гэтага года;
  • у медыкаў адменяць надбаўку за высокія дасягненні ў працы, а ў работнікаў культуры адменяць надбаўку «за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні ў працы»;
  • у работнікаў культуры з'явіцца «надбаўка за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні ў працы, складанасць і напружанасць працы» — у памеры ад 5 да 25% сумы акладаў работнікаў;
  • для медыкаў увядуць новую кампенсавальную выплату — базавая даплата;
  • у ахове здароўя надбаўка за складанасць і напружанасць працы будзе не абмежаваная максімальным памерам (цяпер — да 200% акладу);
  • у ахове здароўя надбаўку за забеспячэнне паказчыкаў дзейнасці бюджэтнай арганізацыі ўсталююць кіраўнікам бюджэтных арганізацый у памеры да 200% акладу ўключна (цяпер — да 100% акладу ўключна).

«Паколькі з 1 ліпеня 2021 года на прэміраванне будуць накіроўвацца не толькі сродкі ў памеры 20% сум акладаў работнікаў, але і нявыкарыстаныя сродкі, прадугледжаныя на аплату працы, то ўстанаўленне іншых стымулюючых (акрамя прэміі)і кампенсавальных выплат у канкрэтным памеры дазволіць захаваць узровень аплаты працы работнікаў, усталяваны да 1 ліпеня 2021 года», - тлумачылі раней у Мінпрацы.

Чыноўнікі называюць змены удасканаленнем сістэмы аплаты працы.

Зараз на месцах праводзяць нарады і даюць тлумачэнні, у тым ліку каб па «недапушчэнні і папярэджанні сацыяльнай напружанасці ў калектывах». 

У некаторых бюджэтных арганізацыях у праекце калектыўнай дамовы, якую збіраюцца ўвесці з 1 ліпеня пасля ўвядзення зарплатных навін, прапісваюць, што наймальнік і прафсаюз абавязваюцца «прымаць вычарпальныя меры па сацыяльнай абароненасці работнікаў, а таксама недапушчэнні і папярэджанні сацыяльнай напружанасці ў калектыве». А таксама праводзіць тлумачальную працу з кожным работнікам па пытаннях новай сістэмы аплаты працы.

Чаму чыноўнікі мяркуюць, што праз зарплатныя новаўвядзенні можа ўзнікнуць сацыяльная напружанасць, не тлумачыцца. Не выключана, што з-за папярэдняга вопыту па істотных зменах па заробках у 2020 годзе, якія суправаджаліся шматлікімі памылкамі ў налічэнні і выплаце заробкаў бюджэтнікам, скаргамі бюджэтнікаў, калектыўнымі зваротамі.

Раней у Мінфіне заяўлялі, што наспела неабходнасць перагляду штатаў бюджэтных арганізацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0