Па стане на май аб фінансавых выніках за квартал зрабілі справаздачу флагманы галіны. Выручка буйных і сярэдніх прадпрыемстваў у сферы лесаводства і лесанарыхтовак за 3 месяцы вырасла на 47,3% да 523,8 млн BYN. Пры гэтым сабекошт прадукцыі ў галіне павялічваўся не так хутка — на 22,2% да 323,5 млн BYN. Як вынік, лесаводы і лесасекі паднялі прыбытак з продажаў у 2,8 разы да мінулага года.

У грашовым выражэнні прыбытак галіны склаў 137,4 млн BYN. Кратны рост прыбытку прывёў да падваення рэнтабельнасці продажаў. Калі ў 2020 годзе сярэдняя рэнтабельнасць за 1 квартал склала 13,8%, то ў 2021-м — 26,2%.

У выніку сярод узбуйненых відаў дзейнасці лесагаспадарчая галіна заняла другое месца па ўзроўні рэнтабельнасці. Трохі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі былі толькі ў сферы фінансаў і страхавання (26,6%).

Удзельная вага флагманаў з рэнтабельнасцю продажаў у межах 20-30% склала каля 42%, а з рэнтабельнасцю больш за 30% — каля 29,5%. Такая доля высокапрыбытковых бізнэсаў з'яўляецца найлепшай сярод усіх узбуйненых відаў заняткаў у эканоміцы.

Таксама ў 2021-м не было прыкметнай дэвальвацыі беларускага рубля да кошыка валют. Таму лагічна, што і чысты прыбытак вырас кратна — у 9,3 раза да 65,9 млн BYN. Доля стратных бізнэсаў у канчатковым выніку скарацілася з 8% да 2,7%, а сума страт стратных кампаній-флагманаў — у 6,4 разы да 0,7 млн BYN.

Таксама ў 2021 годзе знізілася бягучая пазыковая нагрузка на галіну. За 3 месяцы флагманы пералічылі крэдыторам 20,2 млн BYN, што на 24,2% менш, чым годам раней. На гэтыя мэты лесагаспадарнікі выдаткавалі ўсяго 3,9% выручкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0