Вось што распавялі блізкія да сям’і Кулакоўскіх крыніцы.

Дзмітрый Кулакоўскі ўжо прысуджаны да 2 гадоў хіміі і чакае, пакуль яго адправяць адбываць пакаранне.

Тым не менш днямі яго затрымалі і асудзілі на 15 сутак за «непадпарадкаванне». Увечары 21 мая яго жонцы пазваніў дзяжурны ІЧУ Акрэсціна і папрасіў прывезці лекі для мужа. У Кулакоўскага праблемы з ціскам і дыябет, яму трэба калоць інсулін. 

Дзмітры і Юлія Кулакоўскія

Дзмітры і Юлія Кулакоўскія

У суботу жонка Юлія прывезла лекі, ёй нечакана далі кароткае спатканне з мужам, літаральна на 10-15 хвілін. Падчас яго Кулакоўскі распавёў, што знаходзіцца ў карцары. За што ён там — невядома. Па словах Дзмітрыя, у карцар яго кінулі адразу, як толькі прывезлі на Акрэсціна. У карцары ён не адзін — чацвёра ці пяцёра чалавек. Немагчыма спаць, бо няма месцаў, а падлога — халодны бетон. Жонка ўбачыла, што муж у жудасным стане — праз дыябет ў Дзмітрыя апухлыя ногі, на іх язвы.

Акрамя таго, Кулакоўскі распавёў жонцы, што праглынуў металічную лыжку, каб яму нарэшце пачалі аказваць медыцынскую дапамогу. Ён казаў, што лыжка ўнутры яго, ад гэтага таксама ўжо пачынаюцца болі.

Пасля гэтай сустрэчы Юлія Кулакоўская пачала званіць у 102 і 103. У выніку ёй перазванілі з Маскоўскага РУУСа і паведамілі: хвалявацца не трэба, маўляў, ваш муж нічога не глытаў, і ўвогуле на Акрэсціна ёсць медыкі. А калі яны не справяцца, то выклічуць хуткую. 

У панядзелак, 24 мая, да Кулакоўскага ў ІЧУ паехаў адвакат, але яго не пусцілі. 

Дзе сёння яе муж — у бальніцы? У карцары Акрэсціна? — і ў якім ён стане, Юлія не ведае. Ці сапраўды ён глытаў тую лыжку? 

На ўмовы ўтрымання Кулакоўскага і на нядопуск да яго адваката сям’я падала скаргу у ГУУС, цяпер чакаюць адказ.

Затрыманне і раптоўны прысуд сталі нечаканасцю для сям’і Дзмітрыя Кулакоўскага. У хуткім часе ён мусіў ехаць адбываць двухгадовы тэрмін на хімію. Блізкія да яго сям’і кажуць, што мужчына нічога не парушаў, але мяркуюць, што затрыманне магло быць звязана з удзелам у шоу «Шчыра кажучы» на «Белсаце». Акрамя Кулакоўскага, там выступаў яшчэ адзін экс-міліцыянт, Ягор Емяльянаў. Іх абодвух затрымалі на наступны дзень пасля выхаду перадачы. 

Нагадаем, што Дзмітрый Кулакоўскі працаваў начальнікам вышуку Заводскага РУУС, пасля 9 жніўня ён звольніўся. На яго завялі крымінальную справу нібыта за абразу міліцыянта, затрымлівалі і закрывалі на суткі. У кастрычніку ён амаль месяц правёў на Акрэсціна ў карцары. Умовы там былі такімі, што ён глытаў металічныя прадметы ў знак пратэсту. Пасля Кулакоўскі спрабаваў з’ехаць з Беларусі, але быў затрыманы на мяжы, пасля яму прысудзілі два гады хіміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0