У верасні 2018 года ў горадзе Дзюнкерк, што на поўначы Францыі, адбылася радыкальная трансфрамацыя: сістэма грамадскага транспарту стала бясплатнай. 200 тысяч жыхароў атрымалі бясплатны доступ да 18 аўтобусных маршрутаў, піша BBC.

Такая палітыка дапамагла скараціць выкіды чаду ў атмасферу. Даследчыкі выявілі, што пасля пераходу на бясплатны грамадскі транспарт, які быў прафінансаваны невялікім павелічэннем падаткаў на бізнэс, пасажырапаток павялічыўся на 60% у буднія дні і ўдвая на выхадныя. Людзі масава пачалі аддаваць перавагу грамадскаму транспарту, а не персанальнаму аўтамабілю.

«Гэта відавочны поспех, хоць праект знаходзіцца яшчэ на стадыі распрацоўкі», — адзначае Арно Пасалаклава, прафесар Парыжскай школы гарадскога планавання. «Гэта прыкмета таго, што бясплатны грамадскі транспарт можа працаваць і ў яшчэ большых маштабах», — дадае эксперт.

Аднак меркаванні падзяліліся адносна таго, ці змогуць такія вялікія гарады, як Парыж ці Лондан, паўтарыць мадэль Дзюнкерка. Прыхільнікі бясплатнага праезду пераконваюць, што гэты зменшыць выкіды газаў і зменшыць забруджванне паветра. Аднак крытыкі выступаюць супраць гэтай ідэі, бо ў вялікіх гарадах гэта будзе проста эканамічна нявыгадна.

У 2013 годзе эстонскі горад Талін стаў першай сталіцай ЕС, дзе ўвялі бясплатны праезд на грамадскім транспарце, а летась Люксембург з насельніцтвам 626 тысяч чалавек стаў першай краінай у Еўропе, якая цалкам перайшла на бясплатны грамадскі транспарт.

Цяпер у Францыі пачалася новая хваля падтрымкі бясплатнага праезду. У Парыжы з 2020 года грамадскі транспарт стаў бясплатны для дзяцей да 18 гадоў. Страсбург, дзявяты па велічыні французскі горад, будзе прытрымлівацца такой жа палітыкі з верасня гэтага года. А ў паўднёвай Аксітаніі, французскім рэгіёне, дзе жыве шэсць мільёнаў чалавек, маладыя людзі ад 18 да 26 год, якія ездзяць на цягніку не менш за 30 разоў за месяц, таксама карыстаюцца грамадскім транспартам бясплатна. Такім чынам урад жадае дапамагчы маладым работнікам фінансава і ў той жа час скараціць выкіды вуглякіслага газу.

У Страсбургу ўзровень забруджвання вельмі высокі, а галоўная крыніца забруджвання — аўтамабілі. Па ацэнках экспертаў праз неспрыяльныя экалагічныя ўмовы штогод у горадзе паміраюць каля 500 чалавек. Таму кліматычны крызіс — галоўны аргумент, чаму ўлады горада імкнуцца скасаваць аплату за грамадскі транспарт.

Другі фактар — сацыяльна-эканамічныя прычыны. Бясплатны праезд для людзей да 18 гадоў значна дапаможа сем’ям з нізкім даходам.

Да таго ж, гэта мера забеспячэння тэрытарыяльнай роўнасці паміж тымі, хто жыве ў цэнтры горада, і тымі, хто на ўскрайку.

Адры Пульвар, намесніца мэра Парыжа, паабяцала бясплатны грамадскі транспарт у перадвыбарнай кампаніі, калі яе абяруць кіраўніком Іль-дэ-Франса — рэгіёна з насельніцтвам 12 мільёнаў чалавек, у які ўваходзіць і Парыж.

На думку Пульвар, такая палітыка акупіцца, калі ўвесці падатак на транспартныя сродкі, што больш за ўсё забруджваюць навакольнае асяроддзе, а таксама на кампаніі электроннай камерцыі накшталт Amazon.

Варта адзначыць, што бясплатны праезд уводзяць краіны з высокімі заробкамі. Так, у Эстоніі сярэдні заробак перавышае 1800 даляраў.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0