Вось яго версія падзей.

«Я збег ва Украіну з прычын бяспекі, але цяпер мне страшна знаходзіцца і тут.

Я збег з Беларусі, каб не супрацоўнічаць са следствам — я праходзіў падазраваным па артыкуле 342, грубае парушэнне грамадскага парадку, — кажа Аляксей. — 

Я адміністраваў чат Серабранкі. Там было яшчэ двое адміністратараў чата: мужчына і жанчына. Дарослыя людзі.

У гэтай жанчыны затрымалі сына, яна папрасіла мяне арганізаваць збор сродкаў для яе. Я абвясціў збор на адваката, пасля грошы аддаў жанчыне. Сума была каля 150 рублёў.

Яна задаволеная, дзякуе. А ў мяне актыў Серабранкі пачынае пытацца: ці сапраўды перадаў я тыя грошы? 

І пасля такая сітуацыя: у мяне хварэе маці, я кажу пра гэта тым дваім адміністратарам, прашу іх падмяніць мяне па справах у чатах.

Сустракаюся пазней з мужчынам-адмінам. Ён перадае мне тыя прэтэнзіі актыву. Я кажу, што прадастаўлю ўсе доказы, што грошы я аддаў. Але высвятляецца, што ад майго імя ў чатах яшчэ збіраліся грошы нібыта на лячэнне маёй маці.

Я грошай для маці не збіраў! Пра тое, што яна хварэе, увогуле ведалі толькі двое — тыя адміністратары. Мужчына збор не абвяшчаў — бо ён мне пра яго і распавёў. Адпаведна, я ўпэўнены, што гэта зрабіла жанчына-адмін. 

Але ж нікому нічога растлумачыць я не паспеў. Па мяне прыйшоў ГУБАЗіК, мяне закрылі на Акрэсціна. Тэхніку забралі, рахункі заблакавалі.

23 лютага мяне затрымалі. Прыйшлі праз мае выказванні ў інтэрнэце, але пасля высветлілі, што я быў адміністратарам чата шостай Серабранкі.

І на Акрэсціна прыходзіць нейкі чалавек — мяркую, што з ГУБАЗіК — прапануе мне супрацоўніцтва. Фармулёўка такая: калі не падпісваеш, то тут сядзіш два месяцы да суда, а там атрымаеш па поўнай. У іх было шмат на мяне. 

Я падпісаў, што буду супрацоўнічаць. Толькі для таго, каб выйсці адтуль. Ніякай інфармацыі я ім у выніку не перадаў.

Выбраў сабе псеўданім. Але дакладна не памятаю які, штосьці звязанае з вечнасцю.

Звязваліся яны са мной па тэлефоне ці праз тэлеграм. Выклікалі да сябе. Я ездзіў да іх два разы ў нейкі офіс на Розы Люксембург, здаецца. Дакладна адрас не памятаю. Было вельмі страшна, бо баяўся апынуцца зноў на Акрэсціна.

Першы раз ездзіў, каб перакінуць свае кантакты, якія былі на сім-картцы.

У другі раз атрымаў задачу: да Дня Волі ім была патрэбная інфармацыя пра адміністратараў чатаў Серабранкі. Я адпісваўся, што ўсё будзе, праца ідзе, а сам тым часам збег ва Украіну, каб не здаваць людзей і не супрацоўнічаць з рэжымам.

Выехаў я праз Расію. Спачатку нелегалам у Маскву, адтуль на аўтобусах ва Украіну. Ехаў з перасадкамі — да Бранска, там прайшоў памежны кантроль, пасля пераходу мяжы перасеў на іншы аўтобус. Прыехаў у Кіеў.

Тут мне дапамаглі знайсці працу. Я вучыўся на рэжысёра тэлебачання, таму тут працаваў на кіношным праекце адміністратарам. А калі ён скончыўся, то знайшоў стажыроўку на адным з тэлеканалаў».

Але пасля здарылася гісторыя з жыллём.

(Аляксей распавядаў на відэа: «Калі я быў дома, адчуў, што нейкі агонь ідзе. Заходжу на кухню, а ў мяне там паўкухні пачынае гарэць. Што паспеў, тое сабраў. Частка рэчаў у мяне пагарэла: што паспеў нажыць і забраць з Беларусі». Пасля беларусы Кіева яму збіралі грошы на дапамогу — «НН»)

«Пажару насамрэч не было. Мяне выселілі з кватэры, і я проста дадаў у гэтую гісторыю фарбаў. Гэты момант я не хаваю, я не белы, чысты і пушысты, тут я схлусіў. Я хацеў пасля патлумачыць гэтую сітуацыю, спыніць збор грошай… Але не паспеў.

Хачу сказаць яшчэ, што я разумею сваю віну ў гэтым, — кажа Бялькевіч. — Але ж гісторыя, што пажару не было, выплыла сама. 

Да мяне прыехалі трое. Пасадзілі мяне ў машыну. Адзін кажа, што ён мясцовы следчы. Па яго словах, на мяне ўжо напісалі заяву аб махлярстве ў Кіеве. Справа яшчэ не ідзе, кажа ён мне, але заўсёды можа пачацца, маўляў, усё залежыць ад тваіх дзеянняў. 

Пасля ён сыходзіць. Ці быў гэта сапраўдны следчы? Я не ведаю.

Засталіся двое. Мне не давалі сказаць ані слова. Крылі мацюкамі, расказвалі, што могуць са мною зрабіць, палохалі кепскім сцэнарам падзей. Пасля адвезлі да помніка Шаўчэнку, забралі пашпарт. Пасадзілі на прыступку, распавялі, што мне трэба будзе сказаць на камеру. Я спрабаваў тлумачыць, але яны адказвалі: можам тады ў іншым месцы пагаварыць, напрыклад, недзе ў лесе. Слухаць мяне яны не хацелі. 

Яны ведалі і пра збор грошай у чаце Серабранкі, і пра ГУБАЗіК. Сказалі, што ў іх ёсць людзі і на тым, і на гэтым баку.

І прыйшлося запісаць тое відэа. Словы, якія я там кажу, мяне фактычна прымусілі казаць. 

Пасля гэтыя двое паказалі мне пост у тэлеграме пра нейкіх рэлакантаў, сказалі, каб перавёў ім грошы. Каму я перавёў, я дакладна і не ведаю. Перавёў тое, што мне скінулі на дапамогу з жыллём.

Хто гэтыя двое, якія запісвалі відэа, я казаць не буду. Мне страшна, што яны мяне знойдуць. Але гэта беларусы, якія вельмі даўно жывуць ва Украіне, маюць добры ўплыў у многіх колах.

Цяпер у мяне куча праблем. Пасля словаў, што я працую на ГУБАЗіК і хацеў зліваць інфармацыю, я згубіў давер у беларускай суполцы. Але я не бег сюды, каб кагосьці здаваць і збіраць інфармацыю, наадварот, я збег сюды, бо не хацеў гэтага рабіць. Цяпер я вораг усім — без жылля, без фінансаў. Звярнуцца няма куды — мне ніхто не верыць. У фондах я ў чорных спісах. Жыву я цяпер нідзе, калі шчыра казаць.

Усе ад мяне адвярнуліся. Нават былыя аднакурснікі павыкідвалі з чатаў. 

Пры гэтым да мяне па каментар ніхто не звяртаўся. Але ўсе перапосцілі інфу, што я махляр, і тое відэа.

У Кіеве я адзін, з бацькоў у мяне толькі маці. Яна ў бальніцы, мне дапамагчы нічым не можа.

Цяпер я буду з’язджаць з Украіны, бо баюся за сваю бяспеку. Нават вам распавядаць штосьці мне страшна, бо баюся, што мяне знойдуць тыя людзі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру