Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч у дзень падачы дакументаў у ЦВК, 15 мая 2020 г. Фота Надзеі Бужан

Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч у дзень падачы дакументаў у ЦВК, 15 мая 2020 г. Фота Надзеі Бужан

«Мікалай выглядаў як свабодны чалавек, упэўнены ў сабе і тым, што робіць. Ён вельмі пазітыўны. У яго крыху твар загарэў, бо ў прагулачных дворыках зрэдку ўжо з’яўляецца сонца. 

Мікалай прасіў перадаць бясконцую ўдзячнасць за падтрымку, асабліва тым, хто ўпарта працягвае пісаць. Прасіў, каб не забываліся пра іншых палітычных зняволеных і іх сем’і. Казаў, што варта працягваць гуртавацца, бо гэты набытак калектыўных дзеянняў, адчуванне пляча адно аднаго нельга губляць.

Расказваў крыху пра этап. Іх везлі паўтара сутак. На ўсім этапе толькі тры чалавекі былі ў кайданках — ён, Ціханоўскі і Лосік. Прычым гэтыя кайданкі былі зашпілены не так, як мы прывыклі ўяўляць. Рукі былі вывернуты, складзеныя тыльнымі бакамі далоні. Плюс праводзілі шмоны. 

Сяргей Ціханоўскі вельмі пахудзеў, Мікола яго нават не пазнаў адразу. Такое адчуванне, што палітычным хацелі прадэманстраваць адзін аднаго. Бо і пераклічку ўчынілі, дзякуючы якой Мікола зразумеў, што там і Ігар Лосік ёсць, і праходку гуськом, хоць звычайна аўтазак падганяюць пад дзверы.

У пятніцу 21 мая яны апынуліся ў Гомелі. Мікола сказаў, што Гомельскае СІЗА выглядае дастаткова прыстойна. Там светлыя сцены, а гэта вельмі важна для людзей, якія, як Мікола, ужо цэлы год знаходзяцца ў закрытым памяшканні пры закрытых вокнах з гэтымі «вейкамі».

Чытайце таксама:
Апошнія ў Еўропе: толькі ў Беларусі на вокнах турмаў ставяць металічныя жалюзі, якія пакідаюць камеры без дзённага святла

Ён у камеры па-ранейшаму адзін — адразу напісаў заяву аб бяспечным утрыманні.

Я падзялілася з Міколам навінамі, але, на маё здзіўленне, ён пра іх ведаў, нягледзячы на этап і на тое, што ў яго даўно адабралі выпісаную прэсу. Ужо з месяц газеты выдаюць вельмі селектыўна.

Мікола сказаў, што яму адмыслова прынеслі ў камеру «Советскую Белоруccию» — мабыць, хацелі ўразіць мудрымі і крутымі дзеяннямі нашых спецслужбаў. Мікола ведаў і пра прысуд Паўлу Севярынцу, і пра смерць Вітольда Ашурка.

Ён абсалютна перакананы, што перамены непазбежныя, і ўлада робіць усё, каб гэтыя перамены адбыліся як мага хутчэй. Мы з ім гаварылі, што ў іх яшчэ ёсць рэсурс, мажліва, нават на год ці на некалькі, але тое, што яны зараз даводзяць да абсурду сітуацыю, якраз дае надзею на хуткія перамены». 

Чытайце таксама:
«Калі пабачыла Ігара, не паверыла, што гэта ён». Дар’я Лосік упершыню за 336 дзён пабачыла мужа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?