Згодна з двума новымі даследаваннямі, апублікаванымі ў часопісе The Nature і на сайце BioRxiv, імунітэт да каранавіруса можа захоўвацца не менш за 12 месяцаў, а магчыма нават на працягу ўсяго жыцця, піша The New York Times.

У абодвух даследаванняў быў прааналізаваны стан людзей, якія хварэлі на каранавірус год таму. Выявілася, што клеткі, якія захоўваюць памяць аб вірусе, знаходзяцца ў касцявым мозгу і могуць прадукаваць антыцелы ў выпадку неабходнасці. Больш за тое, B-клеткі памяці працягваюць цыркуляваць і ўзмацняцца на працягу 12 месяцаў пасля першаснага заражэння.

«Даследаванні пацвярджаюць меркаванне пра тое, што імунітэт, які чалавек атрымлівае пасля інфікавання каранавірусам або вакцынацыі, хутчэй за ўсё, застаецца доўгатэрміновым», — адзначае імунолаг з Універсітэта Пенсільваніі Скот Хенслі. «Прычына, чаму мы заражаемся каранавірусам паўторна на працягу жыцця, хутчэй, звязаная з мутацыямі віруса, а не з працягласцю імунітэту», — дадае Хенслі.

Мішэль Нусенцвейг, адзін з кіраўнікоў даследавання, сцвярджае, што В-клеткі памяці, якія ўтвараюцца пасля інфікавання кавідам і ўзмацняюцца вакцынацыяй, настолькі магутныя, што прадухіляюць заражэнне новымі варыянтамі віруса. Гэта значыць, што людзі, якія былі інфікаваныя, а пасля атрымалі прышчэпку, будуць мець доўгатэрміновую імунную рэакцыю. Хутчэй за ўсё, ім нават не спатрэбіцца паўторная вакцынацыя на працягу жыцця. Таму новае даследаванне пацвярджае неабходнасць вакцынацыі нават для тых, хто ўжо перахварэў на кавід.

Каб даследаваць В-клеткі памяці, спецыфічныя для каранавіруса, навукоўцы бралі аналіз крыві ў 77 інфікаваных кожныя тры месяцы пасля заражэння кавідам. Узровень антыцел у гэтых людзей падаў праз чатыры месяцы пасля інфікавання і працягваў зніжацца. Некаторыя навукоўцы інтэрпрэтавалі гэта як прыкмету зніжэння імунітэту, але насамрэч гэта натуральная рэакцыя, бо калі б у крыві захоўвалася вялікая колькасць антыцел да кожнага віруса, з якім сутыкаўся арганізм, то кроў хутка б ператварылася ў густую слізь.

Пасля інфекцыі ўзровень антыцел падае, але В-клеткі памяці застаюцца ў касцявым мозгу, і яны гатовыя атакаваць вірус, калі арганізм зноў з ім сутыкнецца.

Калі каманда даследчыкаў атрымала ўзоры касцявога мозга ў 19 чалавек праз сем месяцаў пасля заражэння, то выявілася, што ў 15 з іх былі В-клеткі памяці, а ў чатырох — не. Мяркуецца, што ў некаторых людзей недастаткова выпрацоўваецца В-клетак памяці, каб яны пасля маглі захавацца ў касцявым мозгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0