У інтэрнэце з’явіўся маніфест радыкальных прыхільнікаў перамен, ён называецца «Супраціў». Яго падпісалі такія ці то арганізацыі, ці то ўсё ж інтэрнэт-пляцоўкі, як «Буслы ляцяць», Дружыны народнай самаабароны (ДНС) і «Кібер-Партызаны». Абяцаюць змагацца да «поўнага разгрому ворага».

У маніфесце гаворыцца, што яны не могуць дзейнічаць публічна, таму дэлегуюць гэтае права Паўлу Кулажанку, які ў ютубе вядомы як блогер Exomon. Хто ж такі гэты чалавек, які прымярае на сябе ролю радыкальнага лідара пратэсту?

Кулажанка нарадзіўся 5 студзеня 1984 года ў Віцебску. Сам ён прызнаваўся, што род паходзіць з ваколіц Брэста, Пінска і Ляхавічаў, а ў Віцебск дзед пераехаў у 1990-я. Школу Павел скончыў з сярэднім балам 4,2. Пры гэтым прызнаваўся, што гэта быў найменшы бал ва ўсёй паралелі. «У школу хадзіў як на эшафот», — пісаў ён у сацыяльных сетках.

Пры гэтым ён паступіў у Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава на настаўніка англійскай мовы, але неўзабаве зразумеў, што гэта зусім не ягонае, таму вучобу кінуў. Так Кулажанка апынуўся ў войску. Яго адправілі служыць ва ўнутраныя войскі — в/ч 5530 у Полацку. Сяржанцкія зборы праходзіў у часці 3214 ва Уруччы, тады ёй кіраваў Дзмітрый Паўлічэнка. Пасля сканчэння службы трапіў у шэрагі віцебскага АМАПа.

Кулажанка крайні злева ў верхнім шэрагу.

Кулажанка крайні злева ў верхнім шэрагу.

Цяпер Кулажанка стварае светлы вобраз аб тых часах. Маўляў, гэта быў зусім іншы АМАП, які не мае дачынення да цяперашняга. «Тады ў АМАПе было ўсяго 70 чалавек, і гэта быў зусім іншы склад, перш за ўсё, якасны, — 75-80% байцоў былі людзі з вышэйшай адукацыяй.

Гэтыя людзі, у першую чаргу, былі адукаваныя ў прававым плане і былі вельмі дасведчаныя. Такіх цяжка пераканаць у тым, навошта ім трэба выконваць злачынны загад. Я служыў у той сістэме, дзе, калі ты затрымліваеш чалавека, ты нясеш за яго поўную адказнасць, пакуль не перадасі далей па інстанцыях. Тады яшчэ падставай для затрымання маглі стаць толькі супрацьпраўныя дзеянні грамадзяніна, а не загад каго б там ні было «Затрымлівай!» — казаў Кулажанка.

Тым не менш, людзі са стажам добра памятаюць і разгон Плошчы 2006 года, і ўдар па твары ўдаве Змітра Завадскага Святлане, і збіццё Анатоля Лябедзькі, і шмат іншых выпадкаў.

Таксама Кулажанка расказвае байку, што ў 2011 годзе камандзір віцебскага АМАПа адмовіўся затрымліваць людзей падчас маўклівых пратэстаў. Аднак просты фактчэкінг кажа, што гэта зусім не так. 15 чэрвеня ў Віцебску АМАПам было затрымана каля 20 чалавек. Падрабязны рэпартаж пра гэта можна пачытаць на «Народных навінах Віцебска».

Вядома, што Кулажанка ўдзельнічаў з боку сілавікоў у падзеях Плошчы-2010. Віцьбічаў адправілі на ўмацаванне ў Мінск. «Адзіная кваліфікаваная сіла, каго баіцца наша ўлада, — гэта АМАП», — казаў Кулажанка ў інтэрв’ю «Маланка Медыя».

Ён расказваў, што на момант Плошчы знаходзіўся ў Палацы Рэспублікі. «Хацелі справакаваць натоўп на штурм, зрабіць з нас ахвяраў, каб апраўдаць рэпрэсіі».

Кулажанка (у цэнтры) у дзень выбараў 2010 года.

Кулажанка (у цэнтры) у дзень выбараў 2010 года.

Агулам у сілавых структурах ён прабыў каля васьмі гадоў. У 2011 годзе Павел Кулажанка развітаўся з АМАПам. Ён выйграў грын-карту і пераехаў на пастаяннае жыхарства ў ЗША. Жыве ў Брукліне, гэта раён Нью-Ёрка.

У ЗША Кулажанка зарабляе на жыццё ўдзелам у розных камерцыйных баях, у тым ліку ММА. Ягоны псеўданім на афішах гучыць як «Вікінг». На плячы ў Кулажанкі татуіроўка з выявай старажытнаскандынаўскага ваяра з сякерай, а над ім, імаверна, лётаюць крумкачы бога Одзіна Хугін і Мунін.

Калі паглядзець сацыяльныя сеткі Кулажанкі, то можна зрабіць выснову, што раней асноўнай сферай ягоных інтарэсаў былі акурат адзінаборствы. Асабліва шмат было навін на ягонай старонцы пра расіяніна Фёдара Емяльяненку. У астатнім ён посціў мемы з Жырыноўскім, голых дзевак і найлепшыя баі.

Што тычыцца палітычных поглядаў, то сам Кулажанка кажа, што да 2020 года «палітыкай не цікавіўся». Праўда, у 2013 годзе змясціў на сваёй старонцы апраўданні байца «Беркута» за падзеі таго часу на Майдане.

У астатнім погляды Кулажанкі — гэта нейкі мікс з скандынаўскага паганства, змяшанага з сучасным неанацызмам. «Ёсць асаблівая светлая радасць, што ахоплівае байцоў перад тварам смерці мацней за любоў. Яна нараджае цудоўныя жарты пад палаючымі скляпеннямі Вальхалы», — гэтую цытату нямецкага філосафа-кансерватара Эрнста Юнгера Кулажанка посціў аж некалькі разоў. Бываюць у яго аж па сёння цытаты з Юліуса Эволы — аднаго з ключавых ідэолагаў неанацызму.

Для Кулажанкі было звычайнай справай павіншаваць людзей з Новым годам выявай Адольфа Гітлера. Нярэдка з’яўляліся і руны, якімі карысталіся нацысцкія падраздзяленні. Ад сваіх тагачасных поглядаў Кулажанка ніколі не адхрышчваўся, хоць цяпер і піша, што не з’яўляецца прыхільнікам неанацысцкіх ідэй.

Нават летам 2020 года Кулажанку больш цікавілі падзеі ў ЗША, звязаныя з рухам Black Lives Matter («Жыцці чорных важныя»), чым выбарчая кампанія ў Беларусі. Аднак прыкладна з канца жніўня 2020 года пачынаюць з’яўляцца ягоныя выступы на розных ютуб-каналах і ў СМІ.

Кулажанка прызнаецца, што трыгерам для змены пазіцыі ў яго стала тое, што Лукашэнку «напісалі 80%», а таксама гвалт, які рабіўся на вуліцах Мінска ў першыя дні пасля выбараў. Тады Павел запісаў дастаткова рэзкі зварот і праз супольных знаёмых даслаў яго Франку Вячорку (тады Вячорка працаваў у медыя, пазней ён стаў дарадцам Святланы Ціханоўскай), аднак адрэдагаваная версія экс-сілавіка не задавальняе, і ён выклаў відэа самастойна. Кулажанка заклікаў да больш рашучых дзеянняў і прасіў сілавікоў пераходзіць на бок народа.

Пасля гэтага Кулажанка пачынае весці ютуб- і тэлеграм-каналы. Спачатку ён даваў практычныя парады, як трэба хадзіць на акцыі, а потым сам стаў займацца палітыкай. Вялікай папулярнасці і падтрымкі яго каналы не здабылі, але нейкую колькасць паслядоўнікаў знайсці ўсё ж атрымалася. Кулажанка прапагандуе радыкальныя і сілавыя дзеянні па змене ўлады ў краіне. Ён бязлітасна крытыкуе Ціханоўскую, а таксама яе атачэнне.

«Яны крайне некампетэнтныя, аб’яднанне з імі немагчымае», — кажа Кулажанка. Асабліва ж у ягоных відэа дастаецца памочніку Ціханоўскай Франку Вячорку. Былы сілавік кажа, што ў Франка зусім няма станоўчых рысаў.

Пра тое, як Кулажанка разбіраецца ў палітычных працэсах, можна меркаваць па такім моманце: расказваючы пра Франка, ён кажа, што Вінцук Вячорка (бацька Франка) і Аляксандр Дабравольскі (яшчэ адзін памочнік Ціханоўскай) былі ў камандзе Лукашэнкі ў 1994 годзе, і называе іх «маладымі ваўкамі». Але гэта поўная лухта: Вінцук тады быў у БНФ Зянона Пазняка, а Дабравольскі ўзначальваў Аб’яднаную дэмакратычную партыю.

Прыхільнікаў мірных перамен Кулажанка зневажальна называе «кветачнікі». Таксама крытыкуе Ціханоўскую за словы пра «мудрага Пуціна». На словах ён вельмі антырасійскі. Раней Кулажанка быў часта ў кантакце з Ігарам Макарам, але потым яны перасварыліся.

Адзіны палітык, каго хваліць экс-амапавец, — гэта Вольга Карач. Менавіта яе ён бачыць у ролі лідара апазіцыі. Дарэчы, якраз Карач заяўляла пра стварэнне шырокай кааліцыі, куды павінны былі ўвайсці «Буслы ляцяць» і ДНС, аднак потым гэтае паведамленне знікла з яе сайта.

Павел Кулажанка быў адным з удзельнікаў тых самых закрытых зум-эфіраў, якія дэманстраваліся на дзяржаўным тэлебачанні як доказ падрыхтоўкі замаху на Лукашэнку. У выніку былі арыштаваныя трое ўдзельнікаў тых сустрэч: Аляксандр Фядута, Юрась Зянковіч і Рыгор Кастусёў. Кулажанка ж працягвае сваю дзейнасць у Брукліне. Ён лічыць, што аператыўны штаб «рэвалюцыі» павінен знаходзіцца за мяжой, а людзі павінны чакаць так званага дня Х.

«Наша Ніва» некалькі разоў звязвалася з Паўлам Кулажанкам з просьбай аб інтэрв’ю, але штораз сутыкалася з адмовамі. У апошні раз ён патлумачыў, што не будзе стасавацца з «НН» ні пры якіх умовах. Прычыны, праўда, патлумачыць адмовіўся.

Клас
8
Панылы сорам
9
Ха-ха
9
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?