Дзве групы мігрантаў былі затрыманыя на так званай Дзевянішскай пятлі ў Салечніцкім раёне. Дзевянішская пятля амаль з усіх бакоў акружаная беларускай тэрыторыяй, на яе можна трапіць па адзінай дарозе.
Высачыць гэтых мігрантаў дапамаглі кінолагі, быў верталёт і беспілотнік. Большасць з іх папрасілі прытулку ў Літве.
Першая група з 19 чалавек была затрыманая літоўскімі памежнікамі ў чацвер, каля вёскі Гірджунай Салечніцкага раёна, сляды вялі з Беларусі ў Літву. У затрыманых не было ніякіх дакументаў, яны прадставіліся грамадзянамі Сірыі і Ірака, папрасілі прытулку ў Літве.
Другая група з 26 мігрантаў была затрыманая ў ноч на пятніцу, калі былі выяўленыя сляды каля вёскі Дайліды. Затрыманыя таксама былі без дакументаў і прадставіліся грамадзянамі Сірыі і Ірака.
Таксама былі затрыманыя некалькі паасобных нелегалаў.





