Мужчына паказаў відэа з меркаваным гвалтаўніком: той быў п'яны і з расшпіленымі шортамі знаходзіўся побач з дзяўчынкай, паведамляе прэс-служба МУС.
Мужчына, які звярнуўся ў міліцыю, расказаў наступнае. Ён рыбачыў на беразе ракі і пачуў шум з кустоў, заўважыў там дарослага з дзіцем. Стаў задаваць пытанні, здымаючы сітуацыю на тэлефон. Пасля сваркі той дарослы забраў дзяўчынку і сышоў.
На відэа аператыўнікі пазналі 38-гадовага жыхара Століна, якога раней судзілі за згвалтаванне, гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару і парушэнне прэвентыўнага нагляду. Дома яго не аказалася.
Уся столінская міліцыя была ўзнята па трывозе, да вышуку падключыліся калегі з суседніх райаддзелаў і транспартнай міліцыі. Высветлілася, што са станцыі Гарынь падазраваны разам са знаёмым на дызелі паехалі ў Лунінец. Па прыбыцці яго затрымалі.
Распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 167 (Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняй).





