Адпаведная рэзалюцыя была прынятая ў чацвер 626 галасамі «за», 16 «супраць» і 36 «устрымаліся». Рэзалюцыю падтрымалі і сацыялісты, і лібералы, і кансерватары, і зялёныя, і крайне левыя: рэдкае для Еўропы адзінадушша. Гэта вынік таго, што ў Беларусі ў турмах сядзяць праціўнікі дыктатуры ад анархістаў да хрысціянскіх дэмакратаў.
Рэзалюцыя заклікае Раду ЕС як мага хутчэй увесці санкцыі супраць беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да прымусовай пасадкі і выкрадання людзей.
Акрамя таго, члены Еўрапарламента заклікаюць да хуткіх эканамічных і сектаральных мер, накіраваных на ключавыя галіны эканомікі Беларусі, у прыватнасці на сыравіну і нафтапрадукты, калійную, металургічную і дрэваапрацоўчую галіны.
Рэзалюцыя таксама патрабуе адхілення Беларусі ад удзелу ў міжнародных спартыўных арганізацыях і міжнародных мерапрыемствах, уключаючы чэмпіянаты Еўропы і свету, і Алімпійскія гульні ў Токіа.
Дэпутаты Еўрапарламента таксама заклікаюць УЕФА забраць правы на трансляцыю Еўра-2020 у БТ.
Вось галоўныя пункты рэзалюцыі.
Дапамога беларускаму грамадству:
- Распрацаваць усёабдымны план эканамічнай падтрымкі будучай дэмакратычнай, з уладай, абранай на свабодных выбарах, Беларусі на суму 3 мільярды еўра.
- Павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і СМІ.
- ЕС — правесці канферэнцыю высокага ўзроўню па выхадзе Беларусі з крызісу з удзелам міжнародных фінансавых інстытутаў, краін G7, дзяржаў-членаў і ўстаноў Еўрасаюза.•
Эканоміка і бізнес:
- Увесці эканамічныя, сектаральныя санкцыі супраць канкрэтных сфер эканомікі: нафта і нафтапрадукты, калійная, сталеліцейная і дрэваапрацоўчая прамысловасць.
- Разгледзець магчымасць часова адключыць Беларусь ад аплатнай сістэмы SWIFT.
- Запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі на саміт G7 і саміт Усходняга партнёрства.
- Еўракамісію, усе краіны ЕС, МВФ — адмовіцца ад любой фінансавай падтрымкі рэжыму.
Інцыдэнт з самалётам, расследаванне злачынстваў:
- Неадкладна вызваліць Рамана Пратасевіча, Соф'ю Сапегу і ўсіх палітычных зняволеных.
- Вывучыць магчымую ролю Расеі ў актах, учыненых беларускім рэжымам.
- Пашырыць санкцыі на адказных за інцыдэнт з самалётам, а таксама на тых, хто працуе на прапаганду, у прыватнасці на Марата Маркава, чыю гутарку з Пратасевічам паказалі на АНТ.
- Стварыць Міжнародны трыбунал для расследавання злачынстваў у Беларусі.
- Адхіліць Беларусь ад удзелу ў міжнародных спартыўных мерапрыемствах, уключаючы чэмпіянаты Еўропы і свету і Алімпійскія гульні ў Токіа, а таксама забраць у Белтэлерадыёкампаніі правы на трансляцыю матчаў Еўра-2020 і перадаць гэтыя правы Белсату.
Еўрапарламент заяўляе аб непрызнанні Аляксандра Лукашэнкі як прэзідэнта Беларусі, называе рэжым у Беларусі нелегітымным і злачынным і заклікае да новых свабодных выбараў.
Чытайце таксама пра праект рэзалюцыі: Еўрапарламент заклікаў адключыць Беларусь ад SWIFT і перадаць правы БТ «Белсату»





