Фота pixabay.com.

Фота pixabay.com.

Навукоўцы кажуць, што рэгулярныя і цяжкія фізічныя практыкаванні павялічваюць рызыку хваробы рухальнага нейрона ў генетычна схільных людзей. Але пры гэтым каманда з Шэфілдскага ўніверсітэта, якая правяла гэтае даследаванне, запэўнівае, што без прычыны адмаўляцца ад трэніровак не варта.

Вучоныя спадзяюцца, што новыя даныя дазволяць знайсці людзей, якія больш за іншых рызыкуюць атрымаць хваробу, і даць спецыяльна падабраныя для іх парады, піша ВВС.

Хваробы рухальнага нейрона сустракаюцца прыкладна ў кожнага трохсотага чалавека. Хвароба рухальнага нейрона таксама мае назву бакавы аміятрафічны склероз (БАС), або хвароба маторных нейронаў. Гэта захворванне характарызуецца пашкоджаннем верхніх нейронаў галаўнога мозга з наступным парушэннем іх сувязі са спінным мозгам. Парушаецца перадача сігналаў ад галаўнога мозга да мускулаў, у выніку чалавек губляе здольнасць рухацца, размаўляць і нават дыхаць. У выніку захворвання развіваецца параліч ўсяго цела. Працягласць жыцця таксама можа значна скараціцца.

Навукоўцы дагэтуль дрэнна разумеюць, хто і чаму атрымлівае такую хваробу. Хутчэй за ўсё, прычыны трэба шукаць у генетыцы, а таксама ў навакольным асяроддзі чалавека. Даўно існавала думка, што ёсць сувязь паміж фізічнымі практыкаваннямі і хваробай. 

Цяпер жа навукоўцы ў гэтым упэўненыя. Падчас даследавання высветлілася, што некаторыя з генаў, адказных за хваробу рухальнага нейрона, у адказ на фізічныя практыкаванні пачынаюць дзейнічаць па-іншаму. Прычым, людзі з генетычнай мутацыяй, якая вядзе да хваробы, пачынаюць хварэць ёю ў больш раннім узросце, калі перагружаюць сябе фізічнымі практыкаваннямі.

Навукоўцы ўдакладняюць, што мяжа небяспечнай нагрузкі для такіх людзей — гэта заняткі па 15—30 хвілін з частатой два-тры разы на тыдзень. Але большасць людзей не мае схільнасці да хваробы рухальнага нейрона, таму, папярэджваюць навукоўцы, адмаўляцца ад нагрузкі ўсім запар не варта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0