Пра гэта расказала жонка актывіста Ірына Анатольеўна.

Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

«Першы раз Валадара пакаралі карцарам яшчэ да суда — далі тры дні. 

За тое, што ён супрацоўнікам турмы задаваў пытанне на беларускай: «Навошта?» Іх гэта раздражняла.

Пасля я была з ім на спатканні 8 чэрвеня. Валадар сказаў, што, здаецца, трохі памякчэлі наконт яго беларускага імя і яго беларускай мовы. Але ж, як высветлілася, зусім не. Праз тыдзень, 15 чэрвеня, у нас было другое спатканне. І Валадар распавёў, што паспеў за гэты час зноў правесці трое сутак у карцары. Кажа, што канкрэтны палкоўнік вельмі раздражняўся праз яго беларускую мову.

А калі Валадар папрасіў яго адказваць на беларускай, то яго адправілі ў карцар,

— расказала «Нашай Ніве» Ірына Анатольеўна. — У астатнім усё больш-менш нармальна. Валадара не катуюць, ён захоўвае свае прынцыпы і сваё пачуццё ўласнай годнасці».

Нагадаем, што 59-гадовы Цурпанаў спачатку быў асуджаны на 3 гады хіміі, пасля пакаранне замянілі калоніяй. Валадар атрымаў хімію, бо нібыта абразіў двух суддзяў падчас працэсаў па адміністратыўках. 

Валадар — гэта старое славянскае імя. Так, у прыватнасці, было зваць аднаго з князёў мінскіх і полацкіх.

У пачатку лютага 2021 года актывіста накіравалі адбываць хімію ў папраўчую ўстанову №46 у Круглым.

Аднак 16 сакавіка стала вядома, што Валадара Цурпанава змясцілі ў СІЗА турмы №4 у Магілёве. Яму паставілі ў віну артыкул 415 КК — «Ухіленне ад адбыцця пакарання». Згодна з пастановай, Цурпанаў «дапусціў шэраг парушэнняў парадку і ўмоў адбыцця пакарання». Сярод іх згадваецца ляжанне на ложку ў недазволены час і незапраўленае спальнае месца.

Сам ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку сцвярджаў, што справа заведзеная ў дачыненні яго за тое, што ён згаджаўся працаваць толькі пры выкананні яго працоўных правоў — патрабаваў заробак, які адпавядае мінімальнаму памеру, гарантаваным дзяржавай.

У выніку Цурпанава прысудзілі да 2 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Цурпанаў — вядомая асоба ў Магілёве. Ён актывіст апазіцыі з канца 1980-х гадоў, кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадской і абласной выканаўчай улады Магілёва.

1 верасня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсіфікацыю выбараў. Яго затрымалі і прысудзілі 20 сутак арышту. Усяго за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зняволення. Быў шпіталізаваны. Да зняволення працаваў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0